Тры гісторыі выпускніц, якія скончылі школу з залатым медалём. Выпускніца 1993 года і дзве выпускніцы 2015 дзеляцца сваімі гісторыямі.
Туфлі на выпускны падбіраў сябар
Залатая медалістка гэтага года выпускніца школы №2 Настасся Арцюкевіч расказала, што выдатніцай у школе была заўсёды:
– Але “батанікам” ніхто мяне не называў, з аднакласнікамі я сябравала.
Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец, калі ўручаў медаль, спытаўся, куды Настасся будзе паступаць, калі не сакрэт:
– Я адказала, што ў медыцынскі. Бо мару пра гэта з дзяцінства.
Залаты медаль робяць з тампака – сплаву медзі і цынку.
Прыемным бонусам ад атрымання залатога медаля, дзеліцца Настасся, стала нават не запрашэнне паступаць у педагагічны ўніверсітэт, якое падарылі кожнаму медалісту, а пуцёўка на мора, якую падарылі бацькі:
– Яшчэ падарылі ровар і мама сказала: “Чакай яшчэ сюрпрыз ад нас”.
Выпускнога вечара Настасся чакала і рыхтавалася да яго старанна.
Сукенку выбрала белую, а чырвоныя аксесуары да яе – клатч, туфлі – дапамагаў выбіраць сябар. Хлопец хацеў, каб чырвоны колер Настасіных туфляў пасаваў яму пад ярка-чырвоны гальштук-матылёк.
Настасся Арцюкевіч з сябрам Русланам Залатухіным. Фота забяспечана Настассяй Арцюкевіч.
Выпускная ноч запомніцца Настассі назаўжды:
– Світанак мы хадзілі сустракаць за горад. Вярталіся дадому па цюрлёўскай шашы і спявалі песню: “Спасибо скажем родителям, ангелам нашим хранителям”…
У сям’і Настасся першая медалістка.
– Калі мама заканчвала школу, закахалася ў тату. Якая тут ужо вучоба была?
Мама атрымала сярэбраны медаль, а я – залаты
– Вось і не вер у прыкметы, – кажа Ганна Бондар, залатая медалістка гэтага года, выпускніца школы № 7. – Калісьці гаварылі, што, каб дзіця расло разумнае, трэба выкупаць яго ў ванне са срэбрам. Мае бацькі так і зрабілі. Апусцілі ў ванначку сярэбраны медаль маёй мамы. Вось выгадавалі залатую медалістку.
Акрамя Ганны, залатыя медалі атрымалі яшчэ шэсць яе аднакласніц.
– Медалі атрымалі заслужана, – кажа Ганна, – бо ўсе дзяўчаты разумніцы і прыгажуні. Я сама ў захапленнні ад сваёй аднакласніцы Паліны Мікульскай. Яна і ў фізіцы разбіраецца, і на музычных інструментах іграе.
Ганна звязаць свой далейшы лёс, як і астатнія аднакласніцы-медалісткі, плануе з медыцынай, хаця ў школе любімы прадмет быў беларуская мова.
А выпускны вечар, прызнаецца Ганна, нічым асаблівым не запомніцца:
– Шкада развітвацца з аднакласнікамі. І толькі.
Каралеву нашага балю выбіраў сам Саладуха
Алеся Клімовіч скончыла школу ў 1993 годзе. І ўспамінае, што тады адгуляла два выпускныя. Першы, звычайны, школьны. Другі зладзілі спецыяльна для залатых і сярэбраных медалістаў у сталовай школы №12.
Каралеву выпускнога балю выбіраў спецыяльна запрошаны на ўрачыстасці Аляксандр Саладуха. А сярэбраны медаль Алеся атрымала ад тагачаснага старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзя Карпенкі.
На інтэрнэт-аўкцыёнах за сучасны залаты медаль прапаноўваюць 800 тысяч рублёў, залаты медаль узору 1993 года калекцыянеры гатовы набыць за 3 мільёны рублёў.
– Да медаля давалі яшчэ грашовую прэмію, 10 тысяч рублёў. Не памятаю, на што я іх патраціла, але памятаю, што сума была тады значная.
Алеся Клімовіч. Фота з выпускнога альбома 1993 год. Фота забяспечана Алесей Клімовіч.
Атэстат з адзнакай дазваляў паступаць, здаўшы толькі адзін экзамен. Алеся выбрала юрыдычны каледж. Напісала дыктоўку па беларускай мове на 5 і паступіла. Каледж таксама закончыла з адзнакай:
– А вось універсітэт з чырвоным дыпломам закончыць не атрымалася, бо выйшла замуж.
Ад сваіх дзяцей, прызнаеца Алеся, яна выдатных адзнак не патрабуе.
Сын Ян у наступным годзе заканчвае школу:
– Ён у мяне ўвесь у творчасці, медаля дакладна не будзе.
У 1993 годзе ў Маладзечне з залатым медалём школу скончылі 84 чалавекі. Як і сёлета, лідарам сярод медалістаў была 10 школа. Тады залаты медаль атрымалі 18 выпускнікоў, сёлета – 8.