Паразмаўляць з міністрам аховы здароўя Васілём Жарко атрымалі магчымасць супрацоўнікі і наведнікі Смаргонскай і Астравецкай цэнтральных раённых бальніц.
Напярэдадні прафесійнага свята міністр наведаў Смаргонь. Нягледзячы на перадсвяточны настрой, візіт атрымаўся дзелавым. Пацыенты выказвалі свае водгукі пра працу мясцовых медыкаў, большасць з іх – станоўчыя, што не можа не радаваць. Таму і кіраўнік галіны аховы здароўя застаўся задаволеным работай сваіх падначаленых у Смаргоні, і самі медыкі былі ў прыўзнятым настроі.
Сустракаючыся з медперсаналам на рабочых месцах, у аддзяленнях бальніцы, у райпаліклініцы, Васіль Жарко цёпла павіншаваў медыцынскіх работнікаў з прафесійным святам, пажадаў поспеху ў працы і здароўя, яно – асноўны капітал не толькі для пацыентаў, але і для саміх медыкаў.
Кіраўніцтву райбальніцы міністр выказаў свае заўвагі.
– Жыццё на месцы не стаіць, а наша галіна развіваецца вельмі дынамічна. Таму і дзелавая размова з міністрам тычылася абнаўлення абсталявання, апаратуры, мэблі, – расказаў галоўны доктар Смаргонскай ЦРБ Сяргей Кудзяньчук.
Фота naviny.by.
Міністр таксама пабываў у Астравецкай ЦРБ. Бальніца сустрэла кіраўніка галіны і начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэя Стрыжака звычайным дзелавым рытмам.
Васіль Жарко наведаў аддзяленне тэрапіі, эндаскапіі і рэабілітацыі, пабываў у паліклініцы і на станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, пацікавіўся, як у Астраўцы ідзе будаўніцтва асноўнага корпуса новай бальніцы, якія перспектывы выкарыстання памяшканняў цяперашніх бальнічных корпусаў пасля таго, як новыя ўступяць у строй.
– Пабываўшы тут, атрымаў маральнае задавальненне напярэдадні прафесійнага свята, – такімі словамі міністр падвёў выснову свайго візіту на Астравеччыну.
Дзень медыка святкуюць у трэцюю нядзелю чэрвеня, сёлета ён прыпаў на 21 чысло.