Жыхары райцэнтра і аматары лёгкаатлетычнага спорту атрымалі ў падарунак стадыён з натуральным пакрыццём, які пабудаваны па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” ў рамках праекта “Супрацоўніцтва-Дзейнасць-Будучыня”.

Спартыўны аб’ект абсталяваны новымі бегавымі дарожкамі, пляцоўкай для штурхання ядра. Цэнтральнае месца на стадыёне займае футбольнае поле. Маюцца месцы для скачкоў у даўжыню з дарожкамі для разбегу, а для гледачоў і балельшчыкаў прадугледжана трыбуна на 500 пасадачных месцаў.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел гараджане і госці горада і раёна, дэлегацыі спартсменаў з Расіі, Польшчы, Літвы, кіраўніцтва і каардынатары праекта, прадстаўнікі ўлады, будаўнікі, спартсмены, моладзь. На новым стадыёне адбыліся першыя спаборніцтвы.