Урачыстае адкрыццё адноўленага месца былога касцёла Святого Роха і пахавання роду Ходзькаў-Дэдэркаў прайшло ў вёсцы Аборак 24 чэрвеня.

У гэты дзень там было шматлюдна. Прыехалі ўсе, хто цягам двух месяцаў рупліва працаваў над рэстаўрацыяй.

Перад пачаткам мерапрыемства дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага Рыгор Сарока, па ініцыятыве якога і распачалося аднаўленне, асабіста правёў экскурсію на месцы рэстаўрацыі:

– Калі б вы прыехалі сюды яшчэ месяц назад, то тут нічога не ўбачылі б, – звярнуўся ён да прысутных, – усё давялося аднаўляць па крупінках. Затое цяпер гэта месца стала нам усім вельмі родным.

Рыгор Сарока адзначыў, што зробіць усё магчымае, каб у Аборак прыязджалі турысты, каб мясцовыя жыхары ганарыліся тым, што жывуць у адметным месцы.

Пачалося ўрачыстае адкрыццё са слоў ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага і пробашча касцёла Святога Роха ў Палачанах ксяндза Сяргея Бараўнёва.

Сяргей Бараўнёў нагадаў прысутным, што год таму яму разам з мясцовым мастаком Рамуальдам Стужынскім удалося адшукаць цудадзейны абраз Святога Роха, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Усіх, хто спрычыніўся да аднаўлення месца касцёла, Рыгор Сарока назваў асабіста. А працавала тут нямала людзей.  Гэта і будаўнічая фірма “Барыт”,  і  “Маладзечнаводаканал”,  і выратавальнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, і многія-многія іншыя арганізацыі, і проста неабыякавыя людзі.

Намеснік начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Сяргей Яўсеенка прызнаўся: калі дапамагалі рэстаўраваць месца касцёла, думалі пра тое, што хацелася б убачыць, як жа ён выглядаў.

На свяце прысутнічала мясцовая жыхарка, 88-гадовая Марыя Акульская, якая ў гэты касцёл хадзіла, калі была маленькая.

– Я памятаю, што касцёл у Аборку быў вялізны і ружовага колеру. Абавязкова кожную ня­дзелю хадзілі да касцёла. Нават падчас вайны, здаецца, ён працаваў. А пасля ў ім зрабілі збожжасклад. Памятаю, паслужыў той касцёл збожжаскладам гады чатыры, потым дах пачаў цячы. Ніхто не рамантаваў, збожжа вывезлі, а сам касцёл разбурылі.

Цяпер на месцы касцёла стаіць крыж, адноўлены і ўмацаваны склеп  пахаванняў роду Ходзькаў-Дэдэркаў, помнік упрыгожвае анёл, які рабіў выкладчык музычнага каледжа імя Агінскага Андрэй Гамолка:

– Фігуру анёла я зрабіў прыкладна за паўтара месяца. Ён з гіпсу. Ніякімі эскізамі і фота­здымкамі не карыстаўся. Яго вобраз – гэта зборны вобраз. Я так убачыў, што анёл павінны быць менавіта такі.

Пётр Краўчанка, міністр замежных спраў Беларусі ў 1991-1994 гадах, які прысутнічаў на мерапрыемстве, заўважыў, што, каб справа рабілася, не трэба чакаць, пакуль пра гэта падумаюць іншыя. І адзначыў, што дзякуючы такім апантаным і бескарыслівым людзям,  як Рыгор Сарока, мы даведваемся пра сваю багатую гісторыю:

– Няпраўда, што беларусы – вясковая нацыя. І што ў нас няма сваёй эліты. Яна была, толькі мы пра яе не ведалі. Вы сваёй працай пераканалі ўсіх, што Агінскі і Ходзька – гэта і ёсць наша эліта, якая заклала падмурак беларускай дзяржаўнасці.

Усё пройдзе, застанецца толькі чалавечая велічнасць, сказаў Пётр Краўчанка. І працытаваў радкі Ларысы Геніюш:

Адчула: народ

не ўчора паўстаў.

Не заўтра канец

нам прысудзяць.

З мінуўшчыны слаўных падзеяў і спраў

Мы ёсць.

Мы былі.

Мы будзем.