У дарозе многае здараецца: табе могуць бескарысліва дапамагчы, калі ты нічога не маеш у кішэні, гаспадар спаць на падлозе, а табе прапанаваць канапу, бывае, ёсць пагроза быць згвалтаванай. Пра сваё захапленне аўтаспынам расказвае Ганна Дзмітрыева з Віцебска.
Яна распрацоўвае рэкламу. Яе будучая спецыяльнасць – спецыяліст па сувязях з грамадскасцю. Дзяўчына цікавіцца гісторыяй, займаецца ёгай, любіць сабак, таму марыць займацца кіналогіяй. Захапляецца падарожжамі аўтаспынам. Была ва Украіне, у Малдове, Расіі, Грузіі, Турцыі, Арменіі, Азербайджане, Польшчы, Літве, Латвіі.
У падарожжа бярэ напалову пусты заплечнік
– Падчас экзамену па рускай мове я з сяброўкай выканала ўсе заданні, пачалі гутарыць, – узгадвае дзяўчына. – Было спякотна – сама сабой прыйшла ідэя з’ездзіць на возера. Узнікла пытанне, як падарожнічаць без грошай. Сяброўка прапанавала ехаць аўтаспынам. Так паехалі на возера, якое знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад Віцебска. Назад прыехалі толькі праз тры дні. За гэты час пабывалі на трох азёрах і ў шмат якіх вёсках.
Пасля падарожжа дзяўчына зразумела, што так можна вандраваць і на далёкія адлегласці.
Як лічыць аўтаспыншчыца, падрыхтоўка да падарожжа – адзін з самых цікавых заняткаў, бо можа заняць некалькі дзён або гадзіну.
Калі едзе на некалькі месяцаў, бярэ заплечнік на 60 літраў. Пры гэтым ён напалову пусты, потым напаўняецца ежай і падарункамі, якія атрымлівае падчас падарожжа. У заплечніку рэчы, як і для звычайнага паходу. У падарожжа на некалькі тыдняў па Польшчы, Літве і Латвіі брала маленькі заплечнік, бо не было палаткі і спальніка.
У вандроўку на адзін-два месяцы бярэ не больш за чатыры з паловай мільёны. І то трэцяя частка грошай застаецца.
– Чаму менавіта аўтаспын, а не дызель, напрыклад?
– У цягніку адчуваю сябе быццам Ганна Карэніна: там спякотна альбо холадна, нейкія “вар’яты” побач, якія спрабуюць табе нешта даказаць. Час цягнецца вельмі марудна, едзеш павольна – здаецца, скокнуў бы, каб пазбавіць сябе ад гэтага катавання. Калі без жартаў, адчуваю смаўжом у кансерваванай бляшанцы. Але часам дызелі – добрая рэч.
Ганна падчас падарожжа аўтаспынам па Алтаі. Фота забяспечана Воляй Трубач.
– Як родныя ставяцца да тваіх вандровак?
– Вельмі хвалююцца за мяне, не магу сказаць, што маё захапленне ім падабаецца. Адна справа ехаць аўтаспынам з Мінска да Віцебска. Калі б бацькі ведалі, што еду з Грузіі да Беларусі праз Азербайджан, Дагестан і Чачню, пасівелі б за некалькі дзён. Але па-іншаму не зробіш – я не магу не вандраваць, яны не могуць не хвалявацца.
У Дагестан лепш ехаць з хлопцам
У Каспійску, Дагестан, дзяўчыну ледзь не згвалцілі два разы.
– Каля ўзбочыны страшна было ставіць палатку, таму паехала з адным з кіроўцаў. Мужчына прапанаваў застацца ў яго – ён збіраўся сысці да знаёмай. Вырашыла – так будзе бяспечней. Аднак ён вярнуўся дамоў, выпіў піва і звярнуў увагу на мяне, – з жудасцю расказвае дзяўчына. – Адчула небяспеку, таму збегла. Мужчына на развітанне крычаў: “Ідзі, ідзі, там цябе абавязкова нехта згвалціць!” Апоўначы сустрэла дзяўчыну і хлопца. Яны пазвалі на гарбату, потым паказалі месца ў парку, дзе можна паставіць палатку.
Не паспела Ганна легчы ў спальнік, як адчула, што нехта свеціць ліхтарыкам і лезе ў палатку.
– Расплюшчваю вочы – бачу перад сабой мужчыну гадоў 30-ці, які пачынае ў грубай форме прапаноўваць сэкс, – расказвае дзяўчына. – Цудам пераканала яго, што павінен сысці – паслухаўся. Але а пятай раніцы палатка зноў адкрылася. На гэты раз дагестанец пачаў пагражаць, нават схапіў за руку, каб выцягнуць з палаткі. Я вырвала руку, пачала супакойваць мужчыну – пашанцавала.
Потым Ганна зразумела, трэба гаварыць пра сваю дзявоцкасць. Паверыўшы на словы, дагестанец прасіў прабачэння. Падарожніца адзначае, што большасць дагестанцаў вельмі гасцінныя. Але каб пазбавіць сябе ад усялякіх непрыемнасцяў, лепш ехаць з хлопцам.
Гаспадар спаў на падлозе, мы – на канапе
З Чарнаўцоў ехалі па чатыры чалавекі, раздзяліўшыся па парах. У аднаго з кіроўцаў Ганна забылася торбу з двума пашпартамі, грашмі, тэлефонам і фотаапаратам. У якога – дакладна не памятала. Надзея была на апошняга кіроўцу, які пакінуў нумар тэлефона. Пачалі тэлефанаваць – выключаны. Кампанія вырашыла ехаць да Чарнаўцоў – кіроўца быў адтуль.
– Чалавек, які сустрэўся на нашым шляху, здзіўляўся такім прыгодам, – з усмешкай расказвае дзяўчына. – Купіў нам ежы, заехаў да знаёмых, якія нас пачаставалі. Тады мы жартавалі, не так і кепска без грошай і пашпарта.
У Чарнаўцах падарожнікі сядзелі на вакзале і тэлефанавалі кіроўцу. А палове другой ночы надзея іх амаль пакінула, а трэцяй гадзіне яе не засталося. Праз некаторы час кіроўца ператэлефанаваў, прыехаў на вакзал.
– Чакала кіроўцу, як нікога іншага ў свеце, адчувала сябе Асоллю, што чакае карабля з пунсовымі ветразямі, – узгадвае аўтаспыншчыца. – Мужчына прыехаў, правёў экскурсію па горадзе. Прапанаваў заначаваць у яго. З-за нас ён спаў на падлозе – мы на канапе. Перад работай устаў раней, каб адвезці нас за горад у бок Малдовы, куды мы збіраліся.
Вандроўніца ўпэўненая, калі ўсё вакол доўгі час аднолькавае, паступова пачынаеш рабіць шмат якія рэчы машынальна і не заўважаеш, што жыццё праходзіць, ты стаіш на месцы. У ідэале жыццё і ёсць дарога, а стаяць на месцы – злачынства.
Правілы аўтаспыну Ганны Дзмітрыевай
Не напрошваюся да кіроўцаў і вандроўнікаў.
Адмаўляюся ад алкаголю і іншых сумнеўных напояў.
Імкнуся выйсці з машыны да горада, калі дарога праходзіць праз яго – так эканомлю час.
Не падарожнічаю з тым, хто не падабаецца, – лепш разысціся, чым загубіць вандроўку.
Каб падарожнічаць адной, трэба мець моцныя нервы, чорны гумар і прагматызм. Калі гэтых рыс характару ў вас няма, лепш узяць з сабой хлопца.
Не спыняюся ў кіроўцаў, калі еду адна.
Як вандроўка змяніла жыццё смаргонца Аляксея Сабельнікава і маладзечанкі Іны Высоцкай
Турызм дапамагае адпачыць ад горада, вучыць разумець людзей
Ідэя кардоннага горада падабаецца маладзечанцам, але ахвотных дапамагаць не хапае
Воля Трубач пра газету: “У газеце “ўтульна” бачны чалавечы падыход пры расповедзе пра падзеі”
Гісторыя аўтаспыншчыка, які ўбачыў Індыю за 15 долараў