6-7 чэрвеня група вандроўнікаў, аснову якой складалі медыкі і якіх звязвае сяброўства са студэнцкай пары,  здзейснілі  шосты водны паход выхаднога дня, які прысвяцілі Дню медыцынскага работніка.

Сяброўству маладзечанскіх медыкаў ужо болей за 35 гадоў.

У студэнцкія гады яны разам рабілі спартыўныя пешыя, лыжныя,  горныя паходы па Каўказе, Алтаі, Туркменіі, горным Крыме, Карэліі, Хібінах, Карпатах. Цяпер многія з іх ужо сталі пенсіянерамі і выбралі фізічна больш лягчэйшы від турызму, калі не трэба несці за плячамі цяжкія заплечнікі – сплаў па рацэ.  Вандроўка  адбылася  па родным краі, па рацэ Вялля. Маршрут Залессе-Жодзішкі выбралі як самы насычаны гістарычнымі аб’ектамі на берагах Вяллі.

На гэтым кавалку ракі таксама ёсць парог Прывітальны  і некалькі перакатаў з  сакральнымі камянямі “Верабей”, “Зязюля”, “Ластаўка” і чыстымі крыніцамі на берагах.

Падчас сплаву ладзілі і экскурсіі. Завіталі ў музей-сядзібу  Агінскага, што ў Залессі, на вайсковыя могілкі  1914-1917 гг. у Маркунях, да касцёла Данюшава, у вёску Старая  Рудня, дзе захаваліся ландшафтныя помнікі і драўляная пабудова з 1850 года, да прыродных помнікаў – Раслянскай затокі, каменя “1917”.

Плаўсродкі і экскурсійную праграму прадставіў Алег Мізула, гаспадар аграсядзібы “Вялес”. Алег як краязнаўца вельмі цікава распавядаў пра мястэчкі, вёскі і хутары на берагах Вяллі. Выканаў мноства аўтарскіх песень пра наш цудоўны край і прыгажуню Вяллю. А напачатку, у пятнічны вечар,  усіх  вандроўнікаў традыцыйна чакала гаспадарская лазня, каб змыць гарадскі пыл і стому.

У вандроўцы бралі ўдзел: Ванда Антылеў­ская, вядомы многім маладзечанцам доктар-кардыёлаг Маладзечанскай ЦРБ; знакаміты альпініст, “снежны барс” з Падбярэззя Вілейскага раёна, цяперашні загадчык лабараторнага аддзялення НДІ анкалогіі у Бараўлянах, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Дуброўскі, які прымаў удзел разам  са сваім сынам Яўгенам; доктар-анестэзіёлаг-рэаніматолаг з Наваполацкай ЦРБ  Ула­дзімір Горбікаў і яго жонка загадчыца аддзела рэанімацыі для немаўлят Наваполацкага раддома Святлана Горбікава; дактары лабараторнай дыягностыкі з Бараўлянаў  Аляксей Чарняўскі і Святлана Засмужэц; доктар лабараторнай дыягностыкі з Мінска Ірына Хомчык з мужам і аўтар гэтага артыкула.

Усё было цудоўна, як бывае, калі сустракаюцца даўнія сябры, пашанцавала і з надвор’ем. Але самай  адметнай з’явай  гэтай вандроўкі стала, з падачы Алега Мізулы, родная мова.  

Усе ўдзельнікі шчыра стараліся, як маглі і ўмелі карысталіся   роднай мовай. Экскурсавод  музея-сядзібы  Агінскага Уладзімір Грыбанаў таксама, па нашым жаданні,  правёў экскурсію на добрай літаратурнай беларускай мове. Нават наш верны сябра Аляксей Чарняўскі, які нарадзіўся аж у Ташкенце і дагэтуль ніколі не карыстаўся беларускімі словамі, у атачэнні мілых воку краявідаў,  чуючы беларускую  мову, якая гучала як спевы птахаў, ад рання да вечара, з вуснаў  сяброў і жонкі,  пад канец кароткай вандроўкі таксама пачаў “рэзаць” на зайздроснай трасянцы.