Мінулыя выхадныя віляйчанам і шматлікім гасцям горада запомніліся не толькі надзвычайнай гарачынёй, але і тым, што па горадзе цягам двух дзён разгульвалі сапраўдныя рыцары.

4-5 ліпеня ў Вілейцы праходзіў першы рыцарскі фестываль “Гонару продкаў”.

Адным з арганізатараў свята стаў ваярска-гістарычны клуб “Паходня”. Андрэй Арлоў­скі, удзельнік клуба, расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што яны даўно марылі зладзіць такое мерапрыемства ў сваім родным горадзе.

– Мы бывалі на розных рыцарскіх турнірах і вельмі хацелася нешта адмысловае зрабіць у сябе. Цяпер мы можам сказаць, што гэта ў нас атрымалася.

Спецыяльна для фэсту збудавалі гарадзішча з замчышчам і сярэднявечным горадам.

– Вельмі хочацца, каб драўляны горад, які мы рабілі сваімі сіламі цягам тыдня, прастаяў як мага даўжэй, – прызнаецца Андрэй. – Не хочацца бурыць тое, у што ўкладаў душу. Бо падрыхтоўка да фестывалю заняла шмат сіл і часу.

Мэта фестывалю была пазнаёміць прысутных з гісторыяй, культурай, побытам насельніцтва ВКЛ і яго суседзяў, увачавідкі ўбачыць сярэднявечныя ваенна-палявыя лагеры, стаць сведкамі рэканструкцыі бітваў і турніраў, пазнаёміцца з рамёствамі, паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях і забавах, паслухаць этнічную музыку і з галавой акунуцца ў займальны свет нашых продкаў.

– Адзінае, што засмуціла – гэта неверагодна гарачае надвор’е. У даспехах трываць было немагчыма.

– Праз спякотнае надвор’е мы не паехалі на другі дзень фестывалю, – прызнаецца глядачка фестывалю Ганна Тамковіч. – А так хацелася паглядзець, як будуць “браць штурмам горад”.

Ганна таксама адзначыла, што калі мэтай фестывалю было паглыбленне ў эпоху ВКЛ, то яна гэта адчула.

– Калі ўвайшлі ў вароты, што ішлі да драўлянага горада, адразу адчулі сябе ў сярэднявеччы. Вельмі цікава было не толькі пагля­дзець на старажытную зброю, але і паслухаць, як пра яе распавядаў удзельнік фэсту – Аляксандр Шоць. Калі было незразумела, як карысталіся ёй раней, Аляксандр з напарнікам дэманстравалі зброю ў дзеянні. А яшчэ зброя была не толькі часоў ВКЛ. Я на свае вочы пабачыла і шатландскую, і скандынаўскую зброю.

– Мы дэманстравалі не толькі зброю, я назваў бы гэта дэманстрацыяй страшнага сярэднявечча, – кажа ўдзельнік фестывалю Аляксандр Шоць. – Паказвалі на прыкладзе самых смелых, як працавалі прылады для катаванняў. Нехта з натоўпу, паглядзеўшы на гэта, адзначыў, што андрэеўскі крыж вылечыць ад п’янства куды хутчэй, чым Хадоркін.

За фестываль, прызнаецца Аляксандр, ён схуднеў на дзевяць кілаграмаў.

– Але гэта таго варта. Я зразумеў, што людзям трэба не толькі відовішчы, але і інфармацыя пра тое, што і як адбывалася раней на нашай зямлі. Таму ў планах, вядома, працягваць традыцыю фестываляў. Я сам даведаўся пра сваё прозвішча цікавую рэч. Аказваецца, шатландцаў, што прыязджалі гандляваць на землі ВКЛ, называлі шотамі.  А я ўсё думаў, што ж мяне так вабіць усё шатландскае.

Змаганні рыцараў і народныя спевы. У Вілейцы ўпершыню прайшоў фэст “Гонару Продкаў 2015” (Фота)