Трэцяга ліпеня ў гонар экспедыцыі, здзейсненай графам Канстанцінам Тышкевічам у 1857 годзе, стартавала традыцыйная дзявятая вандроўка па Вяллі “Шляхам Тышкевіча”.
Доўжыцца яна будзе да 14 ліпеня.
Гэту традыцыю залажылі вілейскі турыст і краязнаўцы Віталь Кастэнка і Анатоль Рогач, а зараз эстафету перанялі Міхаіл Петух і Дзмітры Ведзень.
Стартавала больш за трыццаць байдарак, каякоў і гумовых лодак. Традыцыйна ўдзел прынялі турысты з Вілейкі, Смаргоні, Ашмянаў, Маладзечна, Астраўца, Жодзішак, Мінска. Сёлета на сплаве адсутнічалі ўдзельнікі з радзімы Канстанціна Тышкевіча – з Лагойска, але ўпершыню далучыліся шэсць турыстаў з Беластока.
На першай стаянцы за Мамаямі каардынатары вандроўкі Дзмітры Ведзень і Міхаіл Петух распавялі пра асаблівасці маршруту, цікавыя аб’екты, арыенціры месца стаянкі наступнага дня. Потым адбыўся імправізаваны канцэрт. Пелі пад гітару Таццяна Матафонава – салістка нацыянальнага хору Беларусі, якая прымае ўдзел у сплаве, бард Вера Сіроціна і іншыя.
Каманду вандроўнікаў з Польшчы (4 мужчыны і 2 жанчыны) узначальвае турыст з досведам 77-гадовы Чэсь Кучынскі. Ён на сваёй яхце пераплываў Атлантыку, быў у горных экспедыцыях па Гімалаях.
Вялля – трэцяя рака у Беларусі, па якой робіць сплаў Чэсь, да гэтага быў сплаў па Прыпяці, Аўгустоўскім канале і далей у Нёман.
Дапамагае яму кіраваць яго сябра 69-гадовы Лешак Панятоўскі. Самы малодшы у групе 32-гадовы Стэфан Себанец.
Ежу ўдзельнікі сплава спрабавалі гатаваць на вадзе з Вяллі. Сёлета яна надзвычай чыстая і празрыстая. Як растлумачыў удзельнік вандроўкі начальнік Вілейскай гідраметэастанцыі Аляксандр Лабко, гэта звязана з халоднай вясной і халодным пачаткам лета.
Сіне-зялёныя водарасці пачынаюць размнажацца ў вадасховішчы пры тэмпературы вады +25 градусаў. Таксама на чысціню вады Вілейскага вадасховішча паўплываў дазвол карыстацца маторнымі лодкамі, бо ад вінтамі рухавікоў вада дадаткова насычаецца паветрам.
Каардынатару вандроўкі Міхаілу Петуху нават прыйшлося папярэдзіць аб недапушчальнасці ўжывання для прыгатавання ежы вады з Вяллі, асабліва пасля ўпадзення ў яе Ушы. Уша сёлета зноў увайшла ў топ дзесяці самых забруджаных рэк Беларусі. І проста параіў карыстацца крынічнай вадой з левага берагу Вяллі.