Горад, якому паэты прысвячаюць вершы, пра які пішуцца песні. Горад- музей, горад-міф. Пра яго не скажаш, што ты там быў, бо ён раскрываецца кожны раз па-новаму і кожны раз хавае шмат нераскрытых таямніц.

Арганізацыйны момант. Шукайце кватэру з парадным

Праз Маладзечна штодзень ходзіць цягнік Калінінград–Санкт-Пецярбург.

Плаціш у касу 756 тысяч рублёў за месца ў плацкартным вагоне і праз 14 гадзін і 33 хвіліны ты ўжо на Віцебскім вакзале горада на Няве.

Дарэчы, не спяшайцеся набываць білеты на цягнік дадому. Для параўнання: білет на цягнік каштуе 2700 расійскіх рублёў (756 тысяч рублёў), а на аўтобус, які спыняецца тут жа ля Віцебскага вакзала – 1700 расійскіх рублёў (476 тысяч рублёў).

Пра месцы, дзе кінуць рэчы, падрабязна спыняцца не будзем. Чаму проста кінуць? Таму што дзеясловы пераначаваць, спыніцца, выспацца, пажыць для Піцера не падыходзяць.

Усё залежыць ад вашага кашалька. Адзінае, што можна параіць, паспрабуйце знайсці кватэру ў звычайным жылым доме. Атмасферу Пецярбурга адчуеце з парога. У гэтым сэнсе нам пашанцавала. Жылы дом пабудовы 1880 года на вуліцы Паў­стання. Парадная (таму што, калі вы скажаце пад’езд, вас не зразумеюць), высокія столі, шырокія падваконні.

– Калі некалькі гадоў нам усім мянялі вокны 1880 года на сучасны пластык, я плакала, – прызнаецца гаспадыня кватэры Ірына. – У гэтай кватэры мая бабуля перажыла блакаду.

А гукаізаляцыя такая, што не чуваць, што робіцца ў калідоры, не гаворачы ўжо пра суседскія кватэры.

Перад выхадам з дома пакладзіце ў кішэню 28 (7800) рублёў, калі збіраецеся ехаць на аўтобусе, ці 31 (8600) рубель, калі паедзеце на метро. Абавязкова ім скарыстайцеся. На станцыі Чарнышэўская эскалатар ідзе ўніз больш за тры хвіліны.

Санкт-Пецярбург літаратурны

Калі вы едзеце ў Піцер на цягніку, то самы час скласці хаця б прыблізны спіс таго, што вам хацелася б пагля­дзець. Планаваць у гэтым горадзе немагчыма.

Выходзіце на Ліцейны – дом Ганны Ахматавай, выйдзеце з іншага боку – вы ўжо на Фантанцы. Ну як тут не паспрабаваць адшукаць славутага Чыжыка-Пыжыка? Пойдзеце ў другі бок таго ж  Ліцейнага – трапіце ў дом Бродскага.

Дарэчы, пра музей Іосіфа Бродскага расказваюць гісторыю, што там усё яшчэ жыве жанчына, якая жыла тут і пры самім Бродскім. Калі стваралі экспазіцыю музея, бабулі прапанавалі купіць іншую кватэру. А тая, па чутках, папрасіла домік у Лісім Носе (ну, такія піцерскія Рагазы). У стваральнікаў музея, вядома, такіх грошай не знайшлося, таму для жанчыны проста зрабілі іншыя дзверы ў кватэру. Музей цяпер на рамонце, таму, прагульваючыся тут, можна проста зазірнуць на другі паверх і ўбачыць балкон Бродскага.

Ёсць у Пецярбургу яшчэ два адрасы вядомых людзей, куды не зазірнуць нельга. Першы адрас – Мыйка, 12. Дом-музей Пушкіна і Кузнечны завулак, дом 5 – кватэра Дастаеўскага.

Цана ўваходнага білета ў дом Дастаеўскага 100 (28 000) рублёў, да Пушкіна – 180 (50 400) рублёў. Калі вы збіраецеся наведаць Мыйку, прыхапіце яшчэ 100 рублёў, бо ў музей пускаюць толькі з аўдыягідам і ў складзе экскурсійнай групы. Так шмат ахвотных.

Назад у 1958 год

Калі вы выходзіце на Неўскі праспект, парады, куды пайсці, будуць лішнімі. Тут перад вамі і Анічкаў мост, і канал Грыбаедава, і Казанскі сабор, і вядомыя грыфоны на Банкаўскім мосце, і храм Спаса на Крыві, і Ісакіеўскі сабор, і Эрмітаж, і Зімні палац, і вядомы Медны коннік. Проста паспявайце паварочваць галаву злева направа. І фатаграфуйце, фатаграфуйце, фатаграфуйце…

Калі раптам прагаладаецеся, смела заходзьце ў любую кавярню. Тут іх безліч. Але цэны будуць нашмат даражэйшыя, чым у кавярнях, якія знаходзяцца не ў цэнтры.

Для параўнання: хот-дог у звычайнай кавярні каштуе 45 (12 600) рублёў, а кошт такога ж хот-дога на Неў­скім – 160 (44 800) рублёў.

Але калі што і каштаваць на Неўскім, то запісвайце адрас: Вялікая Канюшанная, 25. Адрас легендарнай піцерскай пышачнай, дзе і сёння пануе 1958 год.

Пышкі, якія пякуцца тут, каштуюць 13 ( 3600) рублёў. І пякуцца яны па нязменным рэцэпце ад 1958 года. Каву падаюць у гранёных шклянках. Прычым, гэта не капучына, не латэ, не амерыкана, а звычайная, вельмі салодкая, кава з малаком. Кошт 25 (7000) рублёў.

Пабеглі слінкі? Тады слухайце яшчэ некалькі парадаў. Па-першае, заказваць тут менш за пяць пышак не прынята, а па-другое, ні ў якім разе не прагаварыцеся і не папрасіце пончыкаў, вас проста не абслужаць.

Пецяргоф:

Піцерскі мэйнстрым – развадныя масты і Пецяргоф

Пра гэтыя піцерскія славутасці, мяркуем, без выключэння чулі ўсе. У Санкт-Пецярбургу 21 развадны мост. У самай таннай вандроўцы, якую вам прапануюць здзейсніць на параходзіку, на свае вочы вы пабачыце, як разводзяць тры: Дварцовы, Троіцкі, Ліцейны.

Усяго ў Санкт-Пецярбургу 342 масты. Вядомы мабільны аператар цягам лета праводзіць акцыю: калі вы пацалуецеся пад кожным мостам, атрымаеце бясплатныя размовы па мабільніку да канца года. Калі нікуды не спяшаецеся, паспрабуйце.

Двухгадзінная вандроўка на параходзіку каштуе прыкладна 800 (224 000) рублёў.

Маленькая хітрасць: калі на вуліцы моцны вецер, масты могуць не развесці. Праўда, і вандроўка тады абыдзецца ў 300 (84 000) рублёў.

Асобны дзень сваёй вандроўкі прысвяціце падарожжу ў прыгарады горада. Можаце выбіраць і горад Пушкін (там, дзе знакаміты ліцэй, у якім вучыўся класік), і Кранштат, і, уласна, Пецяргоф.

Арганізаваная экскурсія, якую прапаноў­ваюць на кожным рагу, каштуе 1600 (448 000) рублёў. Калі ехаць самастойна – цана 460 рублёў, 400 (112 000) – уваход у парк, 60 (16 800) – кошт маршруткі. Плюс білеты ў кожны з палацаў Пецяргофа. Але, паверце, аднаго дня, каб наведаць усё, вельмі мала. Таму што плошча толькі аднаго Ніжняга парку – 102 гектары.

Калі мы запыталіся ў мясцовых, што такога чыста піцерскага можна прывезці дадому, нам адказалі:

– Вы што? У нас тут Фінляндыя пад бокам. У нас усё фінскае, а калі што смачнае (малако, мяса), то беларускае. Хаця, бярыце шакалад фабрыкі Крупскай.

Пра сувеніры з Санкт-Пецярбурга трэба пісаць асобны матэрыял. Хаця можна проста купіць магніцік.