Разам з аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS Андрэем Елісеевым “РГ” разбіраецца ў візавай сітуацыі паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам.
Магчыма, ужо летам 2016 года шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра замест цяперашніх 60.
Чаму не было добрых навін з Рыгі
Сёлета надзеі беларусаў былі звязаныя з самітам усходняга партнёрства, які адбыўся ў Рызе ў маі. Чакалася, што менавіта там будзе падпісаная дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.
Аднак прадстаўнікі Францыі і Швецыі звярнулі ўвагу на тое, што беларускія дыпламаты дагэтуль не маюць біяметрычных пашпартоў. Такі пашпарт адрозніваецца ад звычайнага тым, што ў яго ўбудаваная адмысловая мікрасхема. На ёй запісаная інфармацыя аб уладальніку: ад прозвішча да адбіткаў пальцаў.
У свеце 195 незалежных дзяржаў. Беларусы могуць без візы наведваць 27 з іх. Жыхары Уругвая – 132.
Біяметрычныя пашпарты ў дыпламатаў – абавязковая ўмова ЕС. Пакуль Беларусь яе не выконвае, хаця неабходнае абсталяванне для вырабу такіх пашпартоў у краіны ўжо ёсць.
У выніку доўгачаканая дамова не была падпісаная ў Рызе.
– Хутчэй за ўсё, дамова будзе падпісаная ў другой палове гэтага года, – кажа Андрэй Елісееў. – Тады яна пачне дзейнічаць на практыцы ўжо з вясны 2016 года.
Чаму дамову не падпісалі раней
– Калі параўноўваць Беларусь з іншымі краінамі рэгіёна, то мы бачым, як хранічна адстаём ад іншых, прыкладна на сем гадоў, – каментуе спадар Андрэй. – Час цягнулі як беларускі, так і еўрапейскі бок.
Калі ў 2005-2007 гадах Беларусь звярталася да Еўракамісіі з прапановай спрашчэння візавага рэжыму, ЕС выстаўляла свае ўмовы: абавязковая дэмакратыя і захаванне правоў чалавека.
У 2010 годзе чыноўнікі ЕС вырашылі адысці ад гэтых умоў. Але тады ў Еўракамісіі не атрымалася пачаць перамовы з Беларуссю: пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе двухбаковыя стасункі Беларусі і ЕС значна пагоршыліся. Перамовы зацягваў ўжо беларускі бок. Год таму яны ўсё ж пачаліся.
Як выглядаюць візавыя стасункі з ЕС у нашых суседзяў, вы можаце паглядзець у табліцы.
Што рэальна зменіцца, калі дамову падпішуць
Аднак эксперт звяртае ўвагу на тое, што не варта звязваць надта вялікія надзеі з падпісаннем дакумента. Ён не азначае, што мяжа ў краіны ЕС стане адкрытай. Дамова – толькі першы крок на доўгім шляху адмены віз.
Кошт візы знізіцца з 60 да 35 еўра – гэтыя змены заўважыць на сабе кожны беларус. Да таго ж павялічыцца катэгорыя людзей, якім візы будуць даваць бясплатна. Будзе больш магчымасцяў атрымаць шматразовую візу.
– Калі Украіна падпісала аналагічную дамову, журналісты назвалі яе “расчараваннем года”, – кажа Мар’яна Кузьё, кіраўнік праектаў украінскай грамадскай арганізацыі “Еўропа без бар’ераў”. – Людзі чакалі кардынальнага палягчэння сітуацыі з візамі, а ў выніку многія амаль не заўважылі змен.
Але дамова адкрые для Беларусі шлях да наступнага этапу спрашчэння візавага рэжыму.
У 2014 годзе консульствы краін ЕС у Беларусі выдалі больш за 880 тысяч шэнгенскіх віз. Гэта самы высокі паказчык у свеце па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва.
Большасць еўрапейскіх экспертаў упэўненая, што спрашчэнне візавага рэжыму наступіць мінімум праз 7-10 гадоў.
– Пакуль Беларусь чакае змен на ўзроўні дамоў, раю займацца і біяметрычнымі пашпартамі, – дзеліцца ўкраінскім досведам Мар’яна Кузьё. – Нават калі візавы рэжым адменяць заўтра, ніхто ўсё роўна не зможа выехаць, бо не мае біяметрычных пашпартоў.
– У Беларусі ўжо ёсць некалькі пілотных праектаў па такіх пашпартах, – заўважае спадар Андрэй. – Аб’яўляліся конкурсы на іх узоры і тэхнічныя параметры, але адпаведны закон яшчэ не прыняты. Першыя пашпарты такога тыпу ўжо атрымалі беларускія маракі.
Чаго яшчэ чакаць у 2016 годзе
Зацікаўленасць у бязвізавым рэжыме ёсць і з боку жыхароў ЕС. Па падліках Еўрапейскай камісіі, ЕС губляе мільёны еўра на патэнцыйных турыстах, якія не могуць наведваць ЕС з-за візаў.
Летась Еўрапейская камісія выступіла з прапановамі змен у Візавым кодэксе. Цяпер яны разглядаюцца ў Еўрапейскім парламенце і Савеце ЕС. Калі змены прымуць, іх адчуюць на сабе і жыхары Беларусі (глядзіце інфаграфіку).
– Урэшце мы бачым жаданне спрасціць візавы рэжым і з беларускага боку, – заўважае Роберт Тышкевіч, віцэ-старшыня камісіі па замежных справах сейма Польшчы, кіраўнік парламенцкай групы па Беларусі. – Мы не адступаем і ад плана па малым памежным руху, ён мае ўсе шансы на рэалізацыю.
Як складваюцца візавыя адносіны з ЕС у іншых краінах усходняга партнёрства*
Краіна | Дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму | Дыялог аб бязвізавым рэжыме | Кошт Шэнгенскай візы |
Азербайджан |
Дзейнічае |
– | €35 |
Арменія |
Дзейнічае |
– | €35 |
Беларусь | – | – | €60 |
Грузія |
Дзейнічае |
Пачаўся ў чэрвені 2012 года | €35 |
Малдова |
Дзейнічае |
Пачаўся ў маі 2010 года. |
– |
Расія |
Дзейнічае |
Перамовы |
€35 |
Украіна |
Дзейнічае |
Пачаўся |
€35 |
* – па інфармацыі Андрэя Елісеева.
Працяг тэмы:
Польскі эксперт: “Беларусь не зможа і далей адцягваць старт малога памежнага руху”