У рэдакцыю газеты звярнулася наша чытачка Таццяна. Яна стамілася ад таго, што ў іх двор пастаянна падкідаюць сабак і шчанюкоў.

Бацькі Таццяны жывуць у Порсе – блізкім прыгарадзе Вілейкі.

Два месяцы таму ў іх здарылася наступная гісторыя:

– Да нашага плота пад’ехала дарагая машына, – распавядае Таццяна, – з яе выйшлі дзве жанчыны і натуральна выпхнулі сабаку з задняга крэсла машыны. Самі ўскочылі назад і з’ехалі. А сабака, якога потым назвалі Фокусам, прыбіўся да нас. Застаўся жыць.

Але здарылася бяда, сабаку тры тыдні таму на гэтай жа дарозе збіла машына.

А два тыдні таму бацька Таццяны ўбачыў, што ў іх двор нехта кінуў вялікі чорны пакет, а ў ім знаходзіліся чатыры маленькія шчанюкі.

– Сабачкі былі такія галодныя, – кажа Таццяна, – што грызлі пальцы таму, хто хацеў іх пагладзіць.

Бацька Таццяны змірыўся з гэтай знаходкай і пабудаваў навасельцам будку.

– Але разам з гэтай чацвёркай, – кажуць гаспадары, – у іх двары ўжо жывуць восем сабак, якіх таксама знаходзілі раней.

Таццяна пытаецца, ці павінны хто за гэта несці пакаранне, асабліва калі бачыш тых, хто не саромеецца выкінуць свайго гадаванца наўпрост на трасу.

Сабаку можна аддаць у міліцыю

На пытанне, што рабіць у такіх выпадках з юрыдычнага пункту гледжання, адказвае адвакат Маладзечанскай юрыдычнай канторы №2 Уладзіслаў Філіпаў:

– У Грамадзянскім кодэксе Беларусі ў артыкуле 231 “Бяздомныя жывёлы” гаворыцца, што чалавек, які знайшоў ці затрымаў ба­дзяжную дамашнюю жывёлу, абавязаны вярнуць яе ўласніку, а калі ўласнік жывёлы або месца яго знаходжання невядомыя, не пазней за тры дні з моманту затрымання заявіць пра гэту жывёлу ў міліцыю або орган мясцовага кіравання і самакіравання, якія прымаюць меры па вышуку ўласніка.

– Пакуль будуць шукаць гаспадара, – тлумачыць Уладзіслаў, – жывёлу можа пакінуць у сябе той, хто яе знайшоў, або папрасіць у міліцыі знайсці асобу, у якой ёсць магчымасць утрымліваць жывёлу, пакуль гаспадар не знойдзецца. І толькі праз некалькі месяцаў, калі гаспадар не знахо­дзіцца, чалавек мае права пакінуць жывёлу сабе. Калі казаць прасцей, знойдзеныя коцікі, сабачкі і кароўкі прыраўноўваюцца да іншай знойдзенай маёмасці і правілы на яе вяртанне такія ж.

Прыводзіць не трэба, трэба паведамляць

Намеснік начальніка Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Васількоў прызнаецца, што выпадкаў, каб хтосьці паведамляў у міліцыю пра знойдзеную жывёлу, у іх не было:

– Бывае, тэлефануюць, што недзе там ба­дзяжныя сабакі бегаюць, тады мы перанакіроўваем такіх людзей у “Камунальнік”. А каб нехта знайшоў дамашняга сабаку і паведаміў пра гэта ў міліцыю, не.

Між іншым, працягвае Уладзімір Васількоў, у выпадку, калі вы бачыце, што нехта наў­мысна выкідвае сабаку з машыны, напрыклад, запамінайце нумар той машыны і тэлефануйце ў міліцыю. За гэта чалавеку можа пагражаць штраф.

Дарэчы, гаспадары з Вілейкі гатовыя падзяліцца сваім шчасцем з іншымі. Калі вам трэба сабачка, дайце ведаць рэдакцыі, мы вас абавязкова звяжам з гаспадарамі.