Усе матчы чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе каманды рэгіёна на гэтых выхадных правялі ў гасцях.

“Вілія” з Вілейкі 12 ліпеня сустракалася з лідарам чэмпіянату – “Коласам” з Чэрвеня. У выпадку перамогі віляйчане маглі б узначаліць турнірную табліцу. Аднак “Вілія” ўпершыню ў гэтым чэмпіянаце прайграла. Прытым, разгромна – 0:6. Праўда, гуляла каманда без асноўнага варатара – Паўла Ляошкі, расказаў прадстаўнік “Віліі” Алег Гулевіч.

Віляйчане апусціліся з другога на чацвёртае месца. Мае каманда 17 ачкоў. Столькі пасля дзясятага тура стала на рахунку ДЮСШ-4 з Маладзечна, але маладзечанцы з-за лепшых дадатковых паказчыкаў займаюць трэцяе месца.

ДЮСШ-4 за два дні правяла дзве гульні. І абедзве выйграла. У суботу, 11 ліпеня, у перанесеным матчы маладзечанцы перайгралі “Крупкі-ДРБУ-164” 3:2. У ДЮСШ-4 галы на рахунку Іллі Сыракваша, Прохара Новікава і Сяргея Лавора. А ў нядзелю маладзечанцы перамаглі “Нёман-Агра” са Стабцоўскага раёна з лікам 2:1. Два галы забіў Ігар Талькоўскі.

“Забудова-Буд” згуляла ўнічыю 2:2 з “Крупкамі-ДРБУ-164”. Каманда з Чысці займае сёмае месца.