Паводле звестак статкамітэта, якія прыведзеныя ў бюлетэні, у 2014 годзе доля расходаў на аплату жыллёва-камунальных паслуг склала 5,3% у сукупных спажывецкіх расходах насельніцтва.

У 2010 годзе на аплату жыллёва-камунальных паслуг прыпадала каля 7% спажывеціх расходаў насельніцтва, у 2011-м гэты паказчык знізіўся да 5,5%, у 2012-м склаў 4,1%, у 2013-м – 4,4%.

Эканамісты Сусветнага банка прааналізавалі ў 2014 годзе сітуацыю ў беларускай жыллёва-камунальнай гаспадарцы і прыйшлі да высновы, што насельніцтва ў недастатковай ступені аплачвае жыллёва-камунальныя паслугі.

“Цяпер расходы на аплату рахункаў за камунальныя паслугі ў сярэднім складаюць менш за 6% расходаў дамашніх гаспадарак у Рэспубліцы Беларусь, што значна ніжэй за сярэдні паказчык на ўзроўні 10% у краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі”, – адзначалі ў сваёй аналітычнай запісцы эканамісты Сусветнага банка і рэкамендавалі павысіць узровень тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады, паводле інфармацыі БелаПАН, прадугледжвае паступовае павышэнне тарыфаў на ЖКП. Плануецца, што ў 2018 годзе ўзровень кампенсавання насельніцтвам затрат, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг, вырасце да 62,5% (у 2015-м ён складае 31,9%).

Згодна з планамі ўрада, ужо ў 2018 годзе насельніцтва будзе поўнасцю аплачваць усе ЖКГ, за выключэннем цеплазабеспячэння (сюды адносіцца ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне). Плануецца, што ў 2020 годзе насельніцтва будзе на 30% кампенсаваць кошт цеплавой энергіі, што прыкладна ўдвая вышэй за цяперашні паказчык.

Разам з тым беларускія эканамісты выказваюць меркаванне, што рэформы ў сферы платных паслуг, што аказваюцца насельніцтву, на сёння не з’яўляюцца першачарговымі. 

“Павышэнне тарыфаў – зусім не асноўны элемент праграмы рэформ, у якіх мае патрэбу краіна. Спачатку неабходна дамовіцца аб тым, як мы будзе рэфармаваць сектар дзяржпрадпрыемстваў і ствараць стымулы для развіцця прыватнага сектара. Само па сабе павелічэнне тарыфаў не дазволіць павялічыць тэмпы эканамічнага росту і перайсці на шлях устойлівага эканамічнага развіцця”, – лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Дзмітрый ЗАЯЦ, БелаПАН.