Краязнаўчы музей працягвае знаёміць вілейчан з цікавымі калекцыямі ў межах культурна-выставачна-адукацыйнага праекта “Тыдзень калекцыянера”. Пачаўся ён у сакавіку.

У ліпені прапануем наведаць новую выставу, на якой прадстаўлена калекцыя тэанатафілія (чайныя пакецікі).

Шаўковыя мяшочкі і “чайныя бомбы” 

У 1904 годзе амерыканскі камерсант Томас Саліван упершыню прапанаваў незвычайны спосаб выкарыстання чаю. Ён пачаў рассылаць сваім заказчыкам партыі розных сартоў чаю ў шаўковых мяшочках. Мэтай рассылкі было не жаданне спрасціць чайную цырымонію, а каб людзі змаглі параўнаць розныя сарты чаю і затым вызначыцца з выбарам.

У час Першай Сусветнай вайны чайная кампанія ў Дрэздэне ўзяла гэтую ідэю і стала выкарыстоўваць марлевыя пакецікі для пастаўкі чаю ў армію. Салдаты называлі гэтыя пакецікі “чайныя бомбы”, з-за таго, што пры жаданні можна было ў любы момант хутка выпіць конаўку чаю.

У дваццатых гадах заварванне чаю пры дапамозе чайнага пакеціка зацікавіла амерыканскага інжынера Фей Осбарна, які працаваў у кампаніі па вытворчасці розных сартоў паперы. Ён падумаў, што можна паспрабаваць пашукаць такі сорт паперы, які будзе танней шоўку, марлі або газет і не будзе валодаць ніякім уласным смакам. Праз некалькі гадоў Фей Осбарн вынайшаў чайную паперу.

У 1950 годзе фірма Teekanne прапанавала ўпакоўваць чайныя лісты ў двухкамерныя пакецікі з тонкай фільтраванай паперы. Пры гэтым клей увогуле не выкарыстоўваўся. Гэта значна палепшыла якасць чаю, і чайныя пакецікі пачалі выкарыстоўвацца ў многіх краінах свету. Зараз у вырабе пакеціка выкарыстоўваецца папера-фільтр, запатэнтаваная амерыканскай фірмай Dexter.

Ну, а сам чайный пакецік запатэнтавала толькі ў 1952 годзе фірма паспяховага вытворцы чаю па фаміліі Ліптан.

Збіраюць чайныя пакецікі

Сёння чайныя пакецікі не толькі сродак хуткага прыгатавання чаю, але і прадмет збіральніцтва. Некаторыя гурманы настолькі палюбілі чай, што стварылі цэлы культ. Тыповым прыкладам гэтага можна лічыць тэанатафілію – калекцыяніраванне чайных этыкетак і пакецікаў.

Першымі калекцыянерамі чайных этыкетак былі брытанцы. Яны славіліся сваімі чайнымі цырымоніямі і для таго, каб запомніць чай, рабілі паметку ў спецыяльнай кнізе, прыкладалі этыкетку. Гэта захапленне з цягам часу пачынае распаўсюджвацца, з’яўляюцца новыя дызайнерскія рашэнні чайных этыкетак, пакецікаў і каробак. Тэанатафілія пашырае геаграфію і набывае папулярнасць у Нідэрландах, Чэхіі, Бельгіі, Даніі, Расіі, Беларусі…

Выставу можна наведаць да 21 ліпеня. Праходзіць яна ў зале выстаў імя Сілівановіча.