Дзевяць дзён малявання на прыродзе. Што з гэтага выйшла, дзе можна пабачыць вынік, а таксама якія ўражанні засталіся ва ўдзельнікаў пленэру на Маладзечаншчыне.
Мастацкая выстава “Шляхамі Міхала Клеафаса Агінскага” адкрылася ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы 26 чэрвеня.
Гэта вынік працы дзевяцідзённага пленэру, які ўпершыню аб’яднаў навучэнцаў трох устаноў адукацыі: Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскай і гімназіі-каледжа мастацтваў горада Маладзечна.
Па словах арганізатараў і ўдзельнікаў, эксперымент удаўся. Мастакі атрымалі магчымасць убачыць іншыя стылі і тэхнікі, ацаніць свае работы ў параўнанні з іншымі.
Выстава прысвечаная мясцінам, у якіх жыў і тварыў Міхал Клеафас Агінскі, а таксама іншым гістарычным куточкам Маладзечаншчыны.
Юныя мастакі шукалі натхненне ў краявідах Залесся, Вязынкі, Краснага, Плябані.
– Я ўпершыню пабывала там, дзе калісьці жыў Агінскі. Сама я скончыла музычную школу і лічу яго музыку цудоўнай. Яна натхняе на творчасць, – падзялілася ўражаннямі навучэнка Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Юлія Паўлюць, якая намалявала маёнтак вялікага кампазітара.
– А мне больш за ўсё спадабалася карціна “Сядзіба ў Залессі” Марыі Тананы. Выглядае прыгожа і рэалістычна, – адзначыла Надзея Бобрык, адна з наведніц выставы.
А вось Настасся Асіповіч, навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна, абрала для сваёй работы пейзаж вёскі Вязынка, таму што любіць творчасць Янкі Купалы.
Прырода ўносіць карэктывы
Юныя мастакі адзначылі, што ім падабаецца маляваць з натуры, таму што прырода і свежае паветра ствараюць пэўную атмасферу. Але часам надвор’е можа ўнесці свае карэктывы, як гэта здарылася з работай “Вясковы пейзаж” Ангеліны Вашчанкі. Патрапіўшы на акварэль, выпадковыя кроплі дажджу надалі карціне своеасаблівасць і непаўторнасць.
Навучэнка Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Кіра Лойка прадставіла на выставе тры работы.
– Пленэр мне вельмі спадабаўся. Гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, лепей пазнаць адзін аднаго, папрацаваць, памаляваць, навучыцца чамусьці, – мяркуе дзяўчына.
Выстава будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Усе ахвотныя змогуць паглядзець яе яшчэ і ў верасні.
Пра гэта распавёў дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа Рыгор Сарока.
Дар’я СВІРЫДА, школа журналістыкі “Маладзік”.