Штогод у Вілейскі РАУС паступаюць заявы аб невядомым знікненні грамадзян. Большую частку людзей атрымоўваецца адшукаць падчас першапачатковых вышуковых мерапрыемстваў.

Калі ж чалавека не знайшлі, узбуджаецца крымінальная справа. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку адпрацоўваюць розныя версіі знікнення грамадзяніна. Вышук спыняецца толькі ў выпадку ўстанаўлення месца знаходжання зніклага альбо па заканчэнні пятнаццаці год з моманту ўзбуджэння крымінальнай справы.

Нярэдкія выпадкі, калі няведанне мясцовасці і хваравіты стан прыводзяць да знікнення людзей, якія накіраваліся ў лясы для збору ягад і грыбоў.

Для пошукаў грамадзян адцягваецца вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі, выратавальнікаў, вайскоўцаў і іншых службаў. Аднак не заўсёды атрымоўваецца адшукаць чалавека. Да гэтага часу лясы Вілейскага раёна захоўваюць таямніцу знікнення нашых суграмадзян.

Бярыце зараджаны мабільнік і апранайце яркую вопратку

Аддзел крымінальнага вышуку Вілейскага РАУС пры паходзе ў лес заклікае выконваць шэраг простых правіл:

1. Абавязкова паведамляйце сваякам, куды і на які тэрмін адпраўляецеся; па магчымасці не адпраўляйцеся ў лес адныя;

2. Бярыце з сабой зараджаны мабільны тэлефон: у выпадку, калі заблудзіліся, тэлефануйце родным або па тэлефоне 102;

3. Апранайце яркую вопратку: пры правядзенні пошукаў сярод дрэў у ёй  лягчэй шукаць чалавека;

4. Калі збіраецеся ў лес за грыбамі, не забудзьцеся ўзяць з сабой нож, запалкі, неабходныя медыкаменты.

Калі ўсё ж заблудзіліся, то не варта панікаваць. Неабходна ўспомніць шлях, па якім ішлі, паспрабаваць адшукаць нейкія знаёмыя арыенціры. Калі ёсць мабільны тэлефон паведаміце пра тое, што здарылася ў міліцыю і мінімізіруйце тэлефонныя званкі, але сам тэлефон не выключайце. Гэта дапаможа хутчэй вас адшукаць.

Міліцыя заклікае не заставацца абыякавым да бяды сваякоў зніклых. Пры выяўленні чалавечых парэшткаў ці ж якіх-небудзь прадметаў, якія сведчаць пра магчымае знаходжанне зніклых (адзенне, абутак, вёдры, кошыкі, ровары…), просьба неадкладна паведаміць пра гэта па тэлефоне 102.