Амаль палова маіх сяброў, а гэта больш за 70 чалавек, цікавіцца мастацтвам: тэатрам, музыкай, маляваннем.

На другім месцы па папулярнасці стаіць спорт: футбол, плаванне, більярд, шахматы.

На трэцім – захапленне тэхнікай. Напрыклад, вывучэнне камп’ютараў, тэлефонаў і матацыклаў.

Фактычна, няма ніводнага сябра, якога б нічога не цікавіла, акрамя сацыяльных сетак. Імі ў большасці карыстаюцца ўсяго некалькі гадзін на дзень. За гэты час паспяваюць праверыць, ці не прыйшлі новыя паведамленні, ці не з’явіліся новыя каментары, фотаздымкі альбо новыя цікавыя навіны ў суполках.

Я пагутарыў з трыма маімі сябрамі пра іх захапленні. Яны ўсе розныя, але займаюць аднолькава важнае месца ў жыцці кожнага.

Більярд

Вучань 10 класа маладзечанскай гімназіі №10 Віця Дараховіч цікавіцца більярдам з дзяцінства. А займаецца ім апошнія два гады.

– Памятаю, як мы з бацькам наведвалі більярдавыя клубы, як цікава мне было назіраць за гульнёй і як хацелася навучыцца самому. Потым пачаў наведваць  заняткі. Більярд – выдатны спосаб расслабіцца, прывесці ў парадак свае думкі. Ён дапамагае развіваць самакантроль, удасканальвацца. Як кажа мой трэнер: “Калі гуляць з моцным праціўнікам, можна стаць мацнейшым”, – распавядае Віця.

Дарэчы, у будучыні ён плануе быць экспертам ва ўпраўленні ўнутраных спраў. Таму і імкнецца развіваць у сабе спаборніцкі дух і волю да перамогі.

Англійская мова

Света Рубцова, выпускніца гімназіі №6 у Маладзечне, вучыцца на трэцім курсе Полацкага педагагічнага каледжа імя Машэрава. Вывучае англійскую мову. Аднак для яе замежная мова – не проста будучая прафесія. Гэта яе захапленне.

– Неабходна ведаць не толькі сваю родную мову, але і замежную. Гэта важная і неад’емная частка жыцця сучаснага чалавека, – разважае Света. – З дзяцінства падабаецца англійская мова, яе гучанне і меладычнасць. Пачала вывучаць яе яшчэ ў дзіцячым садку, працягвала ў школе, а цяпер – у каледжы.

Света сапраўдны паліглот. Вывучала французскую і італьянскую.

– Я зрабіла толькі першыя крокі ў вывучэнні англійскай, – лічыць яна. – Яшчэ так шмат трэба вывучыць, каб ведаць мову дасканала. Але з кожным днём яна здаецца мне бліжэйшай. Усё больш словаў я ведаю, усё больш тэкстаў разумею. Яшчэ тры гады – і стану дыпламаваным выкладчыкам англійскай мовы. У будучым хачу паступіць ва ўніверсітэт на лінгвіста.

Музыка

Сёння дастаткова набраць у пошукавай сістэме інтэрнэта некалькі слоў з любімай песні –  і вось ужо можна яе слухаць анлайн. 

Аднак некаторыя гэтую музыку ствараюць і выконваюць. Маша Камінская, да прыкладу, спявае. Яна выпускніца маладзечанскай гімназіі №10. Цяпер вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

– Музыка – душа ўсяго. Выдатны сродак расслабіцца, супакоіцца. Яна па-рознаму ўплывае на чалавека: можа дапамагчы выказаць свае эмоцыі ў слязах, усмешцы, крыку, у міміцы ці жэстах. Музыка можа дапамагчы паказаць сябе ў танцы, спевах.

Для Машы музыка заўсёды была важнай часткай жыцця. Спяваць яна пачала ў дзяцінстве.

– Кожны раз, калі мне трэба прыняць важнае рашэнне ў жыцці і цяжка зрабіць выбар, я слухаю спакойную музыку, для душы. Яна дапамагае знайсці гармонію. Тады адразу добра відаць, якім чынам лепш зрабіць. Таму рэкамендую ўсім часцей звяртацца да музыкі, “размаўляць” з ёй душой, – раіць Маша.

Прыклады гэтых трох сучасных маладых людзей паказваюць, што далёка не для ўсіх тэхнічныя навінкі нашага часу займаюць галоўнае месца ў жыцці. Няхай дарослыя не кажуць, што сучасная моладзь выбірае толькі гаджэты і планшэты. Спадзяюся, маё невялічкае даследаванне зможа кагосьці ў гэтым пераканаць.

Багдан РАМАНОЎСКІ, вучань 10 класа СШ №2, Маладзечна.