Графічны дызайнер Альберта Лукас Лопез прадставіў падрабязную схему, што адлюстроўвае 23 найбольш распаўсюджаныя мовы свету прапарцыйна колькасці іх носьбітаў. Піша “Наша Ніва”.

7,2 млрд чалавек жывуць на Зямлі, 6,3 млрд чалавек уключаныя ў даследаванне. 4,1 млрд чалавек называюць роднай адну з 23 самых распаўсюджаных моў.

Найбольшую плошчу займаюць кітайская мова (з мноствам яе дыялектаў). Яна мае 1,197 млрд носьбітаў. Іспанская – 399 млн носьбітаў у Еўропе і Амерыцы і англійская – 335 млн носьбітаў пераважна ў Паўночнай Амерыцы і ўласна Вялікабрытаніі і Ірландыі. Немалая плошча і ў рускай мовы, у яе 166 млн носьбітаў, 6,7 з якіх аднесеныя да Беларусі.

Адзначана, што інфармацыя ў крузе прыблізная – ацэнкі не абсалютна дакладныя, некаторым звесткам больш за 8 год.

Беларускай мовы на схеме няма – яна мае менш за 50 млн носьбітаў. Па звестках перапісу насельніцтва 2009 года, беларускую мову ў Беларусі роднай назвалі 5,688 млн беларусаў і 217 тысяч грамадзян Беларусі іншай нацыянальнасці.

Пад кругам моваў прадстаўленыя і іншыя цікавыя звесткі: колькасць краін, у якой размаўляюць на той ці іншай мове (у лідарах англійская, арабская і французская). Самыя папулярныя мовы для вывучэння ў якасці замежнай – англійская, французская і кітайская.

У свеце сёння вядомыя 7102 жывыя мовы. 23 з іх родныя для  50 млн чалавек, разам яны родныя для 4,1 млрд чалавек. Кожная з гэтых моваў прадстаўленая ў межах, што адлюстроўваюць колькасць іх носьбітаў на краіну, колер адпавядае рэгіёну, у якім яны ўкараніліся.

Карта Альберта Лукаса Лопеза.

Карта Альберта Лукаса Лопеза.