Дамашнія матчы чэмпіянату вобласці па футболе каманды рэгіёна правялі 19 ліпеня.

“Вілія”з Вілейкі мела добры шанец папоўніць ачковы багаж, бо сустракалася з камандай з нізу турнірнай табліцы – “Крупкамі-ДРБУ-164”. Але не атрымалася – віляйчане прайгралі 1:3.  

– Недаацанілі саперніка, – тлумачыць прычыну паражэння прадстаўнік “Віліі” Алег Гулевіч. – Думалі, лёгка выйграем. Забілі на хвіліне 15-й гол – вызначыўся Аляксей Антановіч. Мелі яшчэ два стопрацэнтныя моманты. А прапусцілі тры галы запар.

ДЮСШ-4 з Маладзечна згуляла ўнічыю 1:1 са “СМІаўтатрансам” (Смалявіцкі раён). У маладзечанцаў гол на рахунку Максіма Чабрыцкага.

Як і ў мінулым туры, “Забудова-Буд” згуляла ўнічыю. На гэты раз 3:3 з ФК “Фалько” з Дзяржынска.

Пасля гэтага тура каманды з рэгіёна засталіся на тых жа месцах: трэцяе – у ДЮСШ-4, чацвёртае – у “Віліі”, сёмае – у каманды з Чысці.