З хваляваннем званю ў дзверы. На парозе з усмешкай мяне сустракае мама 11-гадовай Віялеты Банковіч Таццяна, таму што сама дзяўчынка некалькі гадоў не можа хадзіць.
Хвароба не перашкаджае займацца любімымі відамі творчасці, удзельнічаць у конкурсах, мець шмат сяброў.
Значнай падзеяй у жыцці Віялеты стаў абласны фестываль “Музыка дзіцячай душы”. Для выступлення дзяўчынка абрала песню “Let it go” з любімага мультфільма “Халоднае сэрца”.
– Я часта спявала гэту песню дома ў караоке, і яна атрымлівалася ў мяне лепш за ўсе іншыя. А адрэпеціраваць нумар дапамагла настаўніца музыкі СШ №8 Марына Шавялёва, – распавяла Віялета.
Стварэннем вобразу занялася мама. Яна ўклала густыя доўгія валасы дачкі і прапанавала надзець сваю сукенку, якая падобная на убор юнай прынцэсы Эльзы з мультфільма.
Дэбютнае выступленне прынесла масу яркіх эмоцый, пахвалу журы і дыплом другой ступені. Ён заняў сваё месца сярод узнагарод, большасць з якіх звязаныя з дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасцю. Двойчы на тыдзень да юнай рукадзельніцы прыходзіць педагог цэнтра творчасці “Маладзік” Таццяна Рамановіч.
– Паглядзіце, якую прыгажосць мы сёння зрабілі! – ўсклікнула Віялета, працягваючы мне жоўтую кветку з атласнай стужкі.
І за што б ні ўзялася дзяўчынка – валенне, дэкупаж, пап’е-машэ, бісерапляценне – заўсёды ў яе руках нараджаюцца выдатныя работы. Напоўненыя дабрынёй і любоўю вырабы наша гераіня дорыць сваім бабулям, цёткам, сёстрам і сяброўкам.
Асаблівае захапленне Віялеты – каты, прычым чорныя. І гэта любоў адлюстроўваецца ў яе працах. Няхай гэта будзе калядны мурлыка, звалены з воўны, або статуэтка ў выглядзе ката са звычайнай пластыкавай бутэлькі. Натхняе рукадзельніцу яе хатні гадаванец Рыжык. Дзяўчынка вельмі любіць жывёл.
Фота забяспечана Таццянай Банковіч.
Вы б бачылі, як заблішчэлі яе вочы, калі яна загаварыла аб сваёй вялікай калекцыі поні:
– Збіраць фігуркі конікаў і розныя рэчы з іх малюнкам я пачала пасля таго, як паглядзела мультфільм “Мой маленькі поні”. Здаецца, што менавіта гэты персанаж самы прыязны.
У Віялеты шмат сяброў, з якімі часта бачыцца. Яна знаёмая практычна з усімі дзецьмі з двара. Як толькі на вуліцы з’яўляецца вазок, дзеці абступаюць дзяўчынку з усіх бакоў.
Кожную вольную хвіліну Віялета надае любімаму занятку – маляванню. І сябруе не толькі з алоўкамі і фламастарамі, але і з камп’ютарам. Нядаўна яна асвоіла праграму, з дапамогай якой яшчэ цікавей ўвасабляць свае фантазіі. Захапленне зарадзіла мару стаць у будучыні прафесійным мультыплікатарам.