У Лідзе 18 ліпеня адбылася першая сустрэча 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе паміж мясцовым клубам і “Смаргонню”.

– У Ліду “чырвона-чорныя” адправіліся з адзінай мэтай – перамагаць, – сказаў прэс-аташэ “Смаргоні” Уладзімір Амбрасевіч. – Пра гэта сведчыла і ўзмацненне складу. Напярэдадні матчу дазаявілі двух дасведчаных гульцоў. Гэта нападаючы Ігар Крывабок, які перайшоў з гродзенскага “Нёмана”, і паўабаронца Станіслаў Гнядзько. Ён гуляў першую палову сезона-2015 у армянскім “Алашкерце”.

Госці з першых хвілін завалодалі перавагай. На 37-й хвіліне Ігар Крывабок пазмагаўся за верхавы мяч і прымусіў памыліцца варатара “Ліды”. Адбіваючы мяч, той трапіў прама ў абаронцу, ад якога мяч закаціўся ў вароты.

На 50-й хвіліне Яўген Калінін выйшаў адзін на адзін з варатаром і з другой спробы забіў гол.

– Матч прайшоў пры поўнай перавазе “Смаргоні”. Гаспадары за ўвесь матч нават не нанеслі ніводнага ўдару ў створ варот смаргонцаў, – дадаў Уладзімір.

Матч у адказ адбудзецца ў Смаргоні 1 жніўня.

ФК “Ашмяны” першы матч 1/16 фіналу Кубка праводзіў 18 ліпеня на дамашнім стадыёне. Каманда саступіла мікашэвіцкаму “Граніту” 1:3.

Відэаагляд матча з сайта fc-smorgon.by