Нейрабіёлагі Каліфарнійскага універсітэта ў Берклі (ЗША) эксперыментальна вызначылі, што недахоп сну можа прывесці да няправільнай інтэрпрэтацыі чалавекам выразу твару іншага чалавека. Піша “Наша Ніва”.

Пасля 24 гадзін без сну паддоследныя сталі бачыць варожыя выразы твараў на тых фота, дзе на самой справе дэманстраваліся нейтральныя ці добразычлівыя выразы твараў.

У эксперыменце ўдзельнічалі 18 здаровых дарослых людзей. Ім паказалі 70 фота з рознымі выразамі твараў, рэакцыю на фота запісалі праз функцыянальную магнітна-рэзанансную тамаграфію і рэгістрацыю частаты сардэчных скарачэнняў. Падчас сну ў ходзе тэстаў запісвалася электраэнцэфалаграма.

Як высветлілася, ад недахопу сну узаемадзеянне структур мозгу, адказных за распазнанне эмоцый, і вегетатыўнай ды нервовай сістэм збіваецца – чалавек бачыць пагрозу там, дзе яе няма. Пры чым важна не проста колькасць праспаных гадзін, а працягласць фазы хуткага сну (падчас якой, як сёння лічыцца, людзі бачаць сны), падчас якой зніжаецца ўзровень гармонаў стрэсу.