Адна з найбольш трагічных і кровапралітных старонак барацьбы ў час Першай сусветнай вайны разгарнулася вакол дамінуючай вышыні з адзнакай 72.9 каля Баравога млына, на паўночна-ўсходняй ускраіне Смаргоні.

У салдат рускай імператарскай арміі гэтая вышыня займела назву Залатая Горка.  Нямецкія вайскоўцы за падабенства тапаграфічных абрысаў узвышша на вялікую лацінскую літару “В” празвалі яе як “Вышыня-В”. Захапіўшы ўвосень 1915 года гэту стратэгічную пазіцыю, кайзераўцы пабудавалі на пагорку моцныя ўмацаванні з назіральным пунктам, які карэктаваў артылерыйскі агонь саперніка і вельмі перашкаджаў рускай арміі. Толькі каля 50-100 метраў нейтральнага паса аддзяляла ў гэтым месцы акопы ваюючых бакоў.

З мэтай ліквідацыі Залатой Горкі рускія сапёры з дапамогай французкіх спецыялістаў  праклалі ў бок вышыні падземныя галерэі. З успамінаў былога салдата 258 пяхотнага Кішынёў­скага палка М.Р.Мамантава сталі вядомыя наступныя факты падрыхтоўкі міннай атакі: “На працягу 30 сутак мы працавалі па зменах. Жывы канвеер з тысячы чалавек выносіў зямлю ў мяшках з тунэля і звальваў у глыбокі роў. Гэтая вынесеная зямля маскіравалася.

Залатая горка сёлета ў сакавіку. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Залатая горка сёлета ў сакавіку. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Калі работа была закончаная, у тую ж ноч на станцыю Залессе падалі 1-2 вагоны брызантнага выбуховага рэчыва ў торбачках, якія мы за ноч уручную перанеслі і ўклалі пад Залатую Горку. Да выбухоўкі правялі электрапровад, а ў разбітай ушчэнт вёсцы Белая быў устаноўлены апарат-узрывальнік, які павінны быў у вызначаны час узарваць фугас”.

Пасля газавай атакі – дзень абстрэлу

І гэты час настаў у нядзелю, 19 чэрвеня (02.07) 1916 года. Падземна-міннай атацы папярэднічалі дзве драматычныя  ваенныя падзеі, якія таксама трэба абавязкова ўзгадаць. Спачатку, прыкладна ў тры гадзіны ночы, немцы правялі сваю першую газавую атаку на горад. З кароткага паведамлення часопіса ”Разведчикъ” можна даведацца: “Немцы ў ноч на 19 чэрвеня правялі газавую атаку на поў­дзень ад Смаргоні і завалодалі часткай нашых акопаў, але былі забітыя”.

Значна больш інфармацыі ўтрымліваецца ў даследаванні “Газовая атака германцевъ у м. Сморгонь 19 июня 1916 года”, якое было надрукаванае ў №1 часопіса “Военное дело” за 1918 год. З працы вынікае, што смяротныя хвалі атрутных газаў прайшлі праз горад Смаргонь, побач са стратэгічнай вышынёй. У выніку той атакі былі ахвяры і сярод рускіх салдат, якія стаялі каля Залатой Горкі. У 255 пяхотным Акерманскім і 256 пяхотным Елісаветградскім палках 64 пяхотнай дывізіі, палках 65 дывізіі было атручана 135 салдат. Панёс страты 52 сапёрны батальён, дзе ахвярамі атручэння сталі 146 байцоў.

Пазіцыя варонак. Фота з калекцыі Ул. Багданава.

Пазіцыя варонак. Фота з калекцыі Ул. Багданава.

Пасля заканчэння нямецкай газавай атакі адразу распачаўся моцны бесперапынны артылерыйскі абстрэл як нямецкіх, так і рускіх пазіцый. Ён цягнуўся на працягу ўсяго дня, да вечара.

Прыкладна ў 21 га­дзіну 30 хвілін страшэнныя выбухі ад падрыву мінных зарадаў не заглушылі артылерыйскую кананаду. Перад перадавымі лініямі германскіх акопаў утварыліся тры велізарныя варонкі. Ад выбухаў нішчыліся блізкія траншэі, бліндажы і камунікацыі саперніка. Па розных нямецкіх дадзеных, дыяметры кратэраў мінных падрываў склалі ад 40 да 70 метраў з глыбінёй ад 9 да 16 метраў.

Самаахвярнасць афіцэраў

Адразу пачалося жорсткае змаганне за авалоданне варонкамі, якія неаднаразова пераходзілі ад аднаго да другога ваюючага боку. За геройскія паводзіны і мужнасць у час барацьбы за Залатую Горку ордэнам св. Георгія 4-й ступені былі ўзнагароджаныя ў 255 Акерманскім палку прапаршчык Дзмітры Філановіч і падпаручнік Ан­­тон Худзенка.

З загаду па арміі і флоце ад 29.04.1917 г. вынікае, што Дзмітры Аляксандравіч Філановіч, “знаходзячыся на чале партыі разведчыкаў і грэнадзёраў, калі  ад­быў­ся выбух горна, ліха кінуўся наперад па хадах і дасягнуў левай варонкі. Нягледзячы на ўраганны артылерыйскі, кулямётны і ружэйны агонь праціўніка, з крыкам “ура”, ведучы за сабой людзей, кінуўся з варонкі зноў наперад да акопаў, бліндажоў і цэментных пляцовак з кулямётамі, дзе ручнымі гранатамі і штыкамі выбіў саперніка, узяў яго кулямёт і палонных. Будучы паранены ў грудзі, выбыў са строю толькі тады, калі перадаў камандаванне свайму намесніку, узводнаму унтэр-афіцэру”.

Не менш самаахвярна паводзіў у баі Антон Ермалаевіч Худзенка, які  пасля падрыву горна “кінуўся наперад праз правую варонку да нямецкіх акопаў і, закідваючы ручнымі гранатамі, першым уварваўся ў іх. Ён забіў нямецкага афіцэра, захапіў кулямёт і сваім прыкладам натхніў каманду, якая панесла ў гэтай сутычцы вялікія страты. Нягледзячы на агонь праціўніка з флангаў, затрымаўся ў занятым акопе да падыходу падмацавання.

З пяццю салдатамі, што засталіся ад усёй каманды, зноў кінуўся наперад, знаходзячыся ўвесь час наперадзе сваіх людзей, прасунуўся яшчэ на 300 крокаў і спыніўся ў сувязі з загараджальным агнём нашай артылерыі. Падчас гэтага руху былі ўзятыя яшчэ два кулямёты, пражэктар і тэлефонны апарат”.

Крыж на брацкіх магілах. Фота А. Высоцкага.

Крыж на брацкіх магілах. Фота А. Высоцкага.

Тыя, хто выжыў, засталіся скалечанымі

Барацьба за варонкі ад падрываў горнаў і пазіцыі на Залатой Горцы працягвалася да 25 чэрвеня (08.07) 1916 года. У далейшым тры кратэры ад мінных атак засталіся на нейтральнай паласе, якая ў нямецкіх крыніцах набыла назву “Пазіцыя варонак”. Пра напружанасць барацьбы за Залатую Горку сведчыць таксама наступны факт. У летапісе германскіх ландверных пяхотных палкоў №101 і №103, якія ўдзельнічалі з нямецкага боку ў гэтай барацьбе, адзначана, што ў змаганні за “Вышыню-В” салдаты гэтых вайсковых фарміраванняў “павінны былі прайсці барацьбу, якая стала найгоршай за ўсю вайну”.

Надзвычай балючымі для немцаў сталі панесеныя страты. У адзначаных палках загінулі 70 салдат і афіцэраў, паранены 221 воін, не ўлічваючы вялізную колькасць зніклых без вестак вайскоўцаў.

Былі загінулыя і ў іншых германскіх вайсковых фарміраваннях. Значныя страты панёс і рускі бок. Ва ўзгаданым летапісе пададзеныя звесткі, што адзін з нямецкіх батальёнаў пахаваў 230 невядомых рускіх салдат, якія загінулі і іх целы апынуліся на нямецкіх пазіцыях. Аднак колькасны паказчык ахвяраў не адлюстроўвае жах  трагедыі той баявой аперацыі. Псіхалагічна скалечанымі засталіся і тыя салдаты, якія выжылі пасля баёў, а атручаныя газамі ў далейшым пакутавалі ад хвароб.

Гладзець карту.

Як выглядала “Вышыня-В”

Даследчык Уладзімір Багданаў звярнуў увагу на серыю здымкаў смаргонскіх пазіцый у час Першай сусветнай вайны. З’явіліся яны сёлета на замежным інтэрнэт-аўкцыёне і яму пашчасціла набыць. Сярод іх здымак варонкі, на адваротным баку якога ёсць надпіс “Пазіцыя варонак каля “Вышыні-В”.

Упершыню з’явілася магчымасць убачыць праз стагоддзе тагачасны стан аднаго з гэтых аб’ектаў. Варонка абгароджаная калючым дротам, дно раней было напоўненае вадой і патанала ў гразі. Нейтральная паласа і рускія пазіцыі нагадваюць пустэчу, бо ўсе траншэі і хады зносін паглыбіліся ў зямлю. Па фотаздымку таксама можна вызначыць, што на той момант глыбіня варонкі складала не менш за 11 метраў.

Цікавым падаецца яшчэ адзін неардынарны факт змагання за Залатую Горку. Менавіта на гэтых пазіцыях упершыню на руска-нямецкім фронце была праведзеная 24 жніўня (06.09) 1916 года руская газабалонная атака і абстрэл нямецкіх пазіцый хімічнымі снарадамі. Але гэта тэма ўжо іншага даследавання.

На Залатую Горку неслі косткі салдат

Прасачыць пасляваенны лёс гэтай мясціны дапамагла Надзея Маркава. Бескарыслівая і шчырая руплівіца нашай мясцовай спадчыны па­дзялілася ўспамінамі, якія на працягу дзесяцігоддзяў назапашвала ад смаргонскіх старажылаў. З іх стала вядома, што ў пасляваенны час смаргонскія жыхары сабраліся разам і пачалі збіраць па горадзе парэшткі загінулых салдат.

Потым зрабілі вялікую магілу каля Залатой Горкі і перанеслі туды гэтыя косткі і чарапы. Наверсе паставілі драўляны крыж, якім завяршылі брацкае пахаванне. У тыя ж часы была распаўсюджаная польская газета з аповедам пра гэту пачэсную справу жыхароў Смаргоні.

Варонка ад міннага падрыва на Залатой Горцы. Фота А. Высоцкага.

Варонка ад міннага падрыва на Залатой Горцы. Фота А. Высоцкага.

Летась мне пашчасціла знайсці асобнік друкаванага выдання, пра які ішла гаворка ва ўспамінах. Гэта быў артыкул смаргонскага краязнаўцы Альфонса Высоцкага пад назвай “Вечны адпачынак дай ім, Божа!”. Ён пабачыў свет 30 кастрычніка 1932 года ў часопісе “Іллюстрацыя Польска”.

Дзякуючы аўтару артыкула Альфонсу Высоцкаму і дапамозе Таццяны Кляшчонак, якая пераклала тэкст, мы пераносімся ў нашы мясціны 30-х гадоў мінулага стагоддзя: “Смаргонь, кастрычнік. Шалёная ваенная віхура, якая дасягнула самых аддаленых куткоў, яшчэ не ўсюды сёння згубіла свой грозны знішчальны  след. Да такіх куткоў, у якіх яшчэ сёння бачны нясцёртыя сляды крывавых баёў за кожную пя­дзю зямлі, належаць ваколіцы Смаргоні ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, на Віленшчыне.

Тэрыторыя, якая распрасціраецца на паўночны ўсход ад Смаргоні да ракі Віліі і далей за яе русла, густа прарэзаная стралковымі акопамі, якія цягнуцца бясконцай лініяй праз узгоркі, палі, лясы, пераскокваюць праз рэкі – прытокі Віліі.

Нягледзячы на тое, што частка гэтых акопаў пад уплывам атмасферных з’яў даўно асыпалася, а іншая густа зарасла травой, па якой пасуць кароў і коз, гэтыя маўклівыя акопы, у якіх разыгрывалася не адна салдацкая трагедыя і ў якіх не адзін сын добрай маці навек заснуў, яшчэ сёння пужаюць сваёй колькасцю і даўжынёй.

Паміж акопамі раскіданыя шматлікія бетонныя сховішчы, многія з якіх, нягледзячы на разбурэнне і разборку мясцовымі людзьмі, захаваліся ў цэласнасці.
Паміж лініямі прыяцельскіх і непрыяцельскіх акопаў можна заў­важыць гіганцкія ямы, якія сведчаць пра выбухі вялікіх гарматных снарадаў, а побач знахо­дзяцца меншыя ямы ад гранат і палі, узараныя снарадамі, капаючыся ў якіх, можна знайсці не адзін зарад ад вялікіх снарадаў.

Брацкія могілкі каля Залатой горкі. Фота А. Высоцкага.

Брацкія могілкі каля Залатой горкі. Фота А. Высоцкага.

Хто падумаў пра невядомых салдат

Сярод гэтых палёў, узгоркаў, лясоў, у даліне ціхага ручая, які скача па камянях да Віліі, знахо­дзяцца дзясяткі сал­дацкіх магілак, закладзеных у спешцы. Большасць крыжоў на іх носіць надпіс “Невядомы”…

Пра гэтых герояў не падумаў ніхто, апроч невялікай колькасці жыхароў Смаргоні. Менавіта яны на самым высокім месцы гэтага поля бою, за якое вяліся самыя зацятыя і крывавыя баі, паставілі сціплы белы крыж. Яго можна ўбачыць каля тракту, што вядзе ў Вілейку, і дамінуе над усёй ваколіцай.

Тут бачныя шматлікія паглыбленні ў зямлі, якія сведчаць пра тое, што пад імі раскладаюцца целы загінулых і засыпаных.

Вакол гэтага крыжа вятры і звяры адкопваюць рэшткі мундзіраў, абутку, зброі, салдацкіх лапат, калі-нікалі бялеюць тут цэлыя косці і чалавечыя чарапы. Мясцовае насельніцтва з забабонным страхам пазбягае гэтага месца, дзе, як кажуць, пры святле месяца блукаюць сотні і тысячы душ загінулых, пахаваных у брацкай салдацкай магіле.

У іншых краінах, як часта даводзіцца чытаць, магілы загінулых ушаноўваюць іншым, больш шляхетным чынам, будуючы прыгожыя могільнікі, асвятляючы іх вечным агнём. У нас пра гэта ціха – ша!

Над забытымі магіламі герояў часам прахо­дзіць адзінокі вандроў­нік, набожна хрысцячыся або шэпчучы ціхую малітву за супакой іх душ; многія мінаюць іх раўнадушна. Толькі немцы прысылаюць раз-пораз кіраўніцтву горада дробныя сумы, просячы аб доглядзе магіл.

Крыж на брацкіх магілах. Фота А. Высоцкага.

Крыж на брацкіх магілах. Фота А. Высоцкага.

Бор, які памятае Міндоўга

Агароджы сялянскіх двароў і палеткаў зробленыя з калючага дроту або ацалелыя ваенныя засекі дачакаліся сёння іншага выкарыстання: яны абараняюць пчаліныя борці і вуллі ад уварвання непажаданых гасцей.

Бор над магіламі, які памятае часы Міндоўга, шуміць сваю адвечную песню, а ціхія хвалі Віліі шапочуць у Задушны дзень малітвы за вечны супакой забытых герояў. Хмары падвіленскага неба, якія ва ўсёй іх велічы так прыгожа апісаў Міцкевіч, акрываюць ценем пасмяротныя рэшткі не аднаго забітага, невядомага салдата, а заходзячае сонца асвятляе гэты супольны катафалк, над якім птушкі нябесныя сумна пяюць: “Спачывайце ў спакоі…”

Тагачасныя аўтарскія фотаздымкі даюць уяўленне пра стан могілак, адлюстроўваюць варонку ад міннай атакі, якую Альфонс Высоцкі палічыў за варонку ад выбуху артылерыйскага снарада. Цэнтральны крыж значных памераў, вакол яго прытуліліся магільныя крыжы. Самі могілкі абгароджаныя некалькімі радамі калючага дроту, а на шыльдзе аднаго з надмагільных крыжоў можна прачытаць надпіс: “39 невядомых рускіх салдат”.

У савецкія часы на месцы занядбаных могілак быў створаны гарадскі сметнік, які сёння ўжо не дзейнічае. Да нашага часу ў той мясціне захаваліся дзве іншыя варонкі ад мінных ўзрываў. Ёсць меркаванне, што больш працяглы кратар мог утварыцца ад падрыву двух зарадаў. Гэтыя аб’екты падземна-міннай вайны перадаюць не толькі маштабы мінулай трагедыі, а з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі сусветнай вайны.

Рэха падземна-міннай вайны ў Першую Сусветную (1 частка). Навасёлкі на Смаргоншчыне

Рэха падземна-міннай вайны на Смаргоншчыне ў Першую Сусветную (3 частка). Кунава, Тэнчын, Багушы