Працягваліся раскопкі 26 дзён. Праводзілі іх на Замку трэці год запар.

    Як і ў мінулыя два гады, асноўная мэта была – выявіць архітэктурныя збудаванні, структуру абарончых умацаванняў. Таксама важна было высветліць, дзе знаходзіўся так званы палац замку, – расказвае кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі. – Калі летась часткова раскрывалі мур вежы, які адкрыў Міхась Ткачоў у 1981 годзе, то сёлета сканцэнтравалі працы на выяўленні падмуркаў палаца. Зараз можна меркаваць што гэты вялікі будынак, які прынята лічыць палацам, быў не мураваны. Хутчэй за ўсё, драўляны, але на мураваным падмурку. Мураваны падмурак мы выявілі, і па яго характары можна думаць, што гэта ўсё ж такі  падмурак пад нейкі вялікі, магчыма двухпавярховы, але драўляны дом.

 

Мікалай Плавінскі ля пано, якое прысвечана Мядзельскаму замку. Фота Алеся Высоцкага.

Мікалай Плавінскі ля пано, якое прысвечана Мядзельскаму замку. Фота Алеся Высоцкага.

З гісторыі замка

Зараз можна больш дакладна казаць, што Мядзельскі замак будавалі ў канцы 15 стагоддзя Саковічы – вялікі род, які быў уладальнікам значнай часткі сённяшняй Мядзельшчыны. Будавалі замак як родавую рэзідэнцыю. Пасля род Саковічаў згасае, і па жаночай лініі замак пераходзіць да Радзівілаў. У 1518 годзе Мікалай Радзівіл становіцца князем на Мядзеле.

Пасля гэтага, хутчэй з ўсё ў 40-я гады 16 стагоддзя замак пераходзіць да дзяржавы – становіцца вялікакняжацкім замкам. Уласна, як і мястэчка Мядзел.

Можна меркаваць, што вежу пабудавалі пры Саковічах. Такім чынам астатнія збудаванні пабудавалі ці пры Радзівілах ці ўжо калі замак стаў вялікняжацкім.

Кафля, як у Вільні

Самыя цікавыя знаходкі і ў папярэдні сезон, і ў гэты – пячная кафля. Ёсць з выявай вежы.

Кафля з выявай вежы.

Кафля з выявай вежы.

 

Самае цікавае ў гэтай кафлі, што яна мае найбліжэйшыя аналогіі з матэрыялаў раскопак Віленскага Ніжняга замка. Яшчэ ўпэўнена гэта сказаць нельга, але магчыма тут працавалі майстры, якія будавалі печы ў вялікакняжацкім замку ў Вільні, – кажа археолаг. – Гэта зноў жа паказвае, што ў першай палове 16 стагоддзя Мядзел меў значны статус рэзідэнцыі. Пасля хутчэй за ўсё адбываецца ваенная катастрофа ці то нейкае разбурэнне. Разбураецца вежа і замак становіцца драўляным.

На раскопках летась і сёлета выявілі ўмацаванні па схіле замкавага пагорка.

Яны не былі мураванымі, як меркаваў Міхась Ткачоў. Схіл замкавага пагорку быў абмазаны глінай і ўсталяваны тын-вастракол па перыметры, які быў умацаваны камянямі. Прычым, і сам схіл замкавага пагорку і бастэі замкавыя мелі аднолькавыя ўмацаванні. Можам зараз больш-менш упэўнена сказаць, што гэта адбылося пасля разбурэння вежы, дзесьці ў сярэдзіне 16 стагоддзя. А канчаткова замак занепадае не ў пачатку 18 стагоддзя, як раней лічылася, а ў дзесьці ў сярэдзіне 17. Верагодней за ўсе гэта звязана з падзеямі вайны 1654-1667 гадоў. Прычым з сярэдзіны 16 па сярэдзіну 17 стагоддзя замак найверагодней функцыянаваў як абарончае збудаванне для жыхароў мястэчка – на выпадак нейкіх вайсковых дзеянняў.

Паралельна з раскопкамі Мікола Воўкаў, які працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве, займаецца вывучэннем гістарычных звестак пра замак. 

Многае з таго, што зараз расказваю, гэта вынік яго працы з дакументамі, – дзеліцца Мікалай. – Самая галоўная праблема Мядзельскага замка, што няма яго інвентару. Калі б ён быў, то гэта ў разы б спрасціла нашу працу.  А тыя згадкі, што ёсць, яны вельмі нешматлікія, фактычна адзінкавыя.

За ўсе тры гады працы якое самае галоўнае адкрыццё?

Цяжка сказаць – гэта такая досыць манатонная праца. Нешта такое ўражваючае тут вылучыць цяжка. Асноўнае, што вельмі моцна скарэктавалі ўяўленне, якое існавала да гэтага – тое, што напісаў Ткачоў. Гэта не значыць, што ён рабіў нешта не так. Ён прапанаваў сваю канцэпцыю, мы яе падкарэктавалі. Таму што ён капаў побач з вежай, мы за гэтыя гады раскрылі значна большую плошчу. Міхась Ткачоў быў вельмі вялікім рамантыкам, тут многія рамантычныя моманты скасаваліся: той жа мураваны палац, тая ж самая думка пра існаванне замкавых мураваных сцен.

Паданні правераць дайверы

Як пэўна, і з любым замкам, з мядзельскім звязаныя шматлікія паданні.  І пра патаемны мост, які стаяў ніжэй за ўзровень вады, і нават пра ход ад замка да касцёла пад возерам. Мяркуюць праверыць і іх.

– Увосень мы, напэўна, прыедзем з дайверамі, будзем шукаць, – кажа Мікалай Плавінскі. – Мяркуючы па тых планах 19 стагоддзя, самым лагічным шляхам дабірацца да замка – гэта той жа накірунак, як і зараз, як ляжыць масток. І вось адгалінаванне ад Дробні, якое зараз зарослае, па плане добра бачна, што яно штучнае. Гэта хутчэй за ўсе роў, які аддзяляў паўвостраў ад мястэчка.

Раскопкі праводзяцца дзякуючы райвыканкаму, падкрэслівае археолаг. Галоўная мэта на будучыню – працы па рэстаўрацыі замка.

Гэта не адбудоўванне нейкай вежы, не стварэнне навадзелаў, а раскрыццё існуючых падмуркаў, магчымае частковае аднаўленне знешняга выгляду ўмацаванняў і стварэнне нейкага музейнага комплексу. Гэта, натуральна, далёкая перспектыва. І патрэбна дзяржаўнае фінансаванне, бо цяжка ўявіць, каб раённы бюджэт мог такое сабе дазволіць. Гэта мільённыя выдаткі – і не ў беларускіх рублях.

А на бліжэйшы час мары археолага досыць простыя:

Хацелася б, каб паўвостраў прывялі ў парадак, зрабілі нармалёвыя падыходы, інфармацыйную шыльду. Бо сёння турысту цяжка даведацца, дзе гэты замак быў. Мары – марамі, трэба кароткімі перабежкамі працаваць, канкрэтныя моманты вырашаць. Правялі раскопкі, цяпер можна зрабіць буклет па замку для турыстаў, каб ляжаў у музеі, у шапіку “Белсаюздруку”. А далей будзем глядзець – я надалёка не загадваю.