З пяці начных клубаў горада тры зачыніліся. Ці звязана гэта са скарачэннем іх працы да трох гадзін ночы? Ці апраўдала абмежаванне часу спадзеў міліцыі, што бойкі і крадзяжы сярод наведнікаў знізяцца? 

Карэспандэнтка “РГ” сустрэлася з начальнікам Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Валянцінам Асіповічам, каб абмеркаваць, як змянілася начное жыццё за гэты час.

Ужо больш за тры месяцы ў горадзе начныя клубы працуюць да трох гадзін ночы. Дагэтуль Маладзечна было адзіным месцам у рэгіёне, дзе тусавацца можна было да пяці раніцы.

Пасля гадзіны ночы сюды ехалі наведнікі з Вілейкі, Валожына, Смаргоні. Гэта было натуральна, паколькі калі “дома” ўжо ўсё зачынена, а на гадзінніку далёка да пяці, мела сэнс рвануць у Маладзечна.

Калі для наведнікаў гэта магчымасць добра пагуляць, для міліцыі – дадатковы галаўны боль. Маладыя людзі, звычайна ўжо нападпітку, прыязджалі і часам не знаходзілі паразумення з мясцовай моладдзю. Пачыналіся высвятленні адносінаў, разборкі. Ды і ехалі яны звычайна на машыне, а ноччу нецвярозыя кампаніі ў асаблівай зоне рызыкі.

– Цяпер гэтай праблемы няма, таму што жыхарам суседніх раёнаў няма сэнсу ехаць у Маладзечна. Вядома, не ўсіх задаволіла наша рашэнне, аднак мы мусілі зрабіць так, каб у клубах і побач з імі было бяспечна, – тлумачыць Валянцін Асіповіч. –

Мы асабіста размаўлялі з адміністрацыяй кожнага клуба і тлумачылі, што калі яны зробяць так, што ў іх не будзе праблем ні з бойкамі, ні з крадзяжамі, то калі ласка. Працуйце да пяці. Але сітуацыя ніяк не мянялася. Мы былі абавязаныя прымаць меры.

Усе клубы праходзілі спецыяльны агляд, які праводзіла міліцыя. Правяралі, ці ёсць відэакамеры, наколькі якасная атрымоўваецца карцінка, ці ёсць кнопка выкліку міліцыі і іншыя тэхнічныя рэчы.

Часам не толькі ад гэтага залежыць бяспека наведвальнікаў. Галоўнае, заўважае Валянцін Пятровіч, каб адміністрацыя начных клубаў зразумела, што, у першую чаргу, яны самі павінны клапаціцца пра бяспеку кліентаў.

Ці правільна, што дазваляюць сыходзіць і вяртацца

Чалавек уваходзіць у клуб, дае грошы, атрымлівае пячатку ці браслет, які паказвае, што ён заплаціў, і ідзе на вечарынку. Ніхто не забараняе яму ў любы момант сысці, а потым у любы момант вярнуцца. Здаецца, усё правільна: можа тэрмінова трэба адысці, дык што, другі раз плаціць? Падаецца, таксама нелагічна. Аднак часта гэта цягне за сабой калі не праблемы, то непаразуменні.

– Калі клубы дазваляюць наведнікам выходзіць і вяртацца, то павінны кантралявацца відэакамеры, усталяваныя ля выхада на вуліцу. Часам ахоўнікі мяркуюць, што іх праца тычыцца толькі таго, што адбываецца ўнутры клубаў. Аднак ім варта клапаціцца і пра тое, што адбываецца ля іх, – распавядае Валянцін Пятровіч.

– Калі ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, часта можна пачуць “пайшлі на вуліцу, рязбяромся”. Ахова можа папярэдзіць сутычку ці своечасова выклікаць міліцыю. Часам мы дазнаемся пра здарэнні на наступны дзень, калі пацярпелыя ці сведкі працверазеюць і тэлефануюць самі. Узгадаць штосьці ім ужо складана. Альбо ад медыкаў, якія аказвалі камусьці дапамогу і дазналіся пра выпадак.

На думку начальніка РАУС, трэба, каб ахоўнікі больш адказна ставіліся да сваёй працы. Добра, калі ахоўнік можа папярэдзіць канфлікт, своечасова заўважыць напружанне паміж людзьмі, пагаварыць.

– Часам людзі незадаволеныя тым, што ахоўнікі паводзяць сябе рэзка, – кажа Валянцін Асіповіч. – Гэта таксама важна. Ім трэба быць гнуткімі і з павагай ставіцца да ўсіх кліентаў. Ахоўнікі не могуць выбіраць: “Гэтага пусціце, а гэтага – не, таму што мне так хочацца”. Ім трэба знаходзіць паразуменне з усімі. Гэта праца. І яе трэба выконваць добра.

Людзі змогуць паспаць перад тым, як ісці на працу

Цяпер у клубах стала спакайней, сцвярджае Валянцін Асіповіч. На яго думку, рашэнне скараціць працу клубаў можа кагосьці вымусіць пайсці спаць раней. Хтосьці перад працай зможа як-ніяк, але адпачыць.

За апошнія пару месяцаў у Маладзечне паспелі зачыніцца тры начныя клубы. Апошняя вечарына ў “Клабе”, анонс якой змешчаны ў іх суполцы “Укантакце”, датуецца 22 мая. У “Магніце” – 1 і 2 мая. Тут на галоўнай старонцы вісіць падзяка ўсім наведвальнікам за тое, што 20 гадоў былі з імі. І “Нэо” – 6 чэрвеня.

Засталіся два – “Стэлс” і “Рэд бар”. З апошнім, па словах начальніка РАУС, праблем не так шмат. Можа, таму што не так даўно працуе, можа, таму што наведнікі менш канфліктныя. Міліцыя не дае пэўнага адказу.

Колькасць здарэнняў ад красавіка:

1. “Стэлс” – 10

2. “Магніт” – 9

3. “Клаб” – 5

Чаму закрыліся клубы

Паводле інфарматара, які пажадаў застацца неназваным, пасля абмежавання працы клубаў некаторыя з устаноў згубілі шмат наведнікаў. Раней пасля закрыцця большасці бараў і рэстаранаў людзі ішлі ў клуб. І якраз пасля дзвюх гадзін быў наплыў.

“Стэлс” збіраецца пераязджаць на месца “Клаба”. Міліцыя ўздыхае з палёгкай, бо “Стэлс” знаходзіцца ў будынку інтэрната. Жыхары гадамі скардзіліся на шум, пра што неаднойчы пісала “РГ”. Верагодна, цяпер  праблема вырашыцца.

– Для мяне як для начальніка райаддзела міліцыі самае важнае – зрабіць так, каб было бяспечна, – кажа Валянцін Асіповіч. – Мы ведаем месцы, у якіх ноччу збіраюцца людзі. Накіроўваем туды нарады.

Гэтак жа ў час, калі зачыняюцца клубы, на асноўных вуліцах, што вядуць у спальныя раёны, таксама дзяжурыць міліцыя. Сочыць, каб людзі дабраліся дамоў без непрыемных прыгодаў.

Начное жыццё ў Маладзечне будзе заканчвацца ў тры гадзіны ночы. Вілейка “спіць” у дзве, Смаргонь – у тры

Падарунак на 8 Сакавіка ў начным клубе “Стэлс” – засунуць руку ў трусы стрыптызёру (+Відэа)