У Маладзечне 26 ліпеня адбыўся фінал Кубка Мінскай вобласці па футболе сярод ветэранаў. 

На гарадскім стадыёне сустрэліся каманды Маладзечанскага і Старадарожскага раёнаў. Дагэтуль маладзечанцы у чвэрцьфінале перамаглі барысаўчан (вырашылася усё  ў серыі пенальці). А паўфінале абыгралі 4:2 каманду Дзяржынскага раёна.

Фінальны матч закончыўся 3:0 на карысць маладзечанцаў. Прычым, забілі ўсе галы ўжо да 15 хвіліны першага тайма. Вызначыліся Вышынскі, Вяжэвіч і Галубко.

– Першы тайм быў больш насычаны на небяспечныя моманты. У другім жа было відаць, што каманды прытаміліся, – дзеліцца маладзечанскі заўзятар Дзмітры Рухлевіч. – Некалькі разоў выдатна згуляў наш галкіпер. Тэмп гульні быў невысокі, заўзятай барацьбы за мяч не было. Але ў цэлым гульня спадабалася, было цікава паглядзець на славутых гульцоў у дзеянні.