Гэта адбудзецца ў гістарычным цэнтры Мінска: у Верхнім горадзе.

Урачыстае афіцыйнае адкрыццё унікальнай славутасці – музычнай лавы і мемарыяльнай дошкі, якія будуць устаноўленыя напярэдадні святкавання 250-гадовага юбілею вялікага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, знакамітага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, пройдзе з удзелам дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў міжнароднай і беларускай супольнасці, членаў Ротары клуба, фонду “Чыстае дзеянне”, СМІ і іншых зацікаўленых асоб. Пачатак а 19 гадзіне.

Адкрыццё будзе прымеркаванае да апагею музычных вечароў класічнай музыкі пад адкрытым небам, арганізаваным фондам “Ідэя”.

На плошчы Свабоды пройдзе маштабная прэзентацыя, прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

Гараджанам будзе прадстаўленая інтэрактыўная праграма ад ансамбля старадаўняй музыкі “Кантабіле” і праекта “Эпоха князя Міхала Клеафаса”, якая ўключыць танцы, інструментальныя кампазіцыі, рамансы, музыку настаўнікаў і паслядоўнікаў кампазітара, касцюмаваны баль XIX стагоддзя і іншыя сюрпрызы ад арганізатараў.