Што рабіць, калі табе не дазваляюць выбраць тавар?

– Што рабіць, калі табе не дазваляюць выбраць тавар?

– Разбіцца аб сцяну, – сказаў адзін мой знаёмы.

А можа не так усё і трагічна, асабліва калі паглядзець на гэта крыху з усмешкай.

На мінулым тыдні пайшоў на рынак спажыўтаварыства, так званы “калгасны рынак”, жонка папрасіла купіць пару перчыкаў. Прыязджалі госці, трэба было аздобіць стол. Сваёй цыбулі і салаты, балазе, ужо нарасло.

Перцу, як той казаў, мора. Падыходзь і выбірай. Ну я і падышоў да адной прыветлівай жанчыны. Павітаўшыся, паклаў з выстаўленага ў скрынцы на прылаўку тавару два перчыкі на вагі. Ну не першы раз на базары. Выбраў, на мой погляд, не самыя горшыя экземпляры.

Увага, як я толькі гэта зрабіў, твар прадавачкі радыкальна змяніў настрой:

– У мяне не выбіраюць! Я сама вам пакладу, – перац з вагаў ўмомант перакачаваў назад у скрынку. Адзін зялёны, адзін чырвоны!

Па-праўдзе, чырвонага там і не было, ружовенькія такія, але нішто сабе.

Ды навошта мне “нагрузка”, якой я быў сыты яшчэ за савецкім часам? У нас жа свабода. Ва ўсякім разе перчык я сабе змагу выбраць. Упэўнены ў сваёй праўдзе, парырую:

– Я куплю тое, што я выбраў.

– У мяне – не!

Ну і што мне, беднаму, рабіць?

У рэшце пасля маіх пошукаў тэлефона дырактаркі рынку, тэлефоннага званка ёй (яна мяне выслухала і прыслала кантралёра) я “з боем” купіў тое, што хацеў. І нават бэджык прадавачка па маёй просьбе начапіла. І нават паклала перчыкі ў пакецік, праўда, за 500 рублёў.

На гэтым гісторыя закончылася? Ну што вы! Прыехаў мой зяць, які захацеў схадзіць на рынак. Я пераказаў яму свае прыгоды з перчыкам. Той загарэўся таксама купіць у той самай прадавачкі такі самы перчык. Тым больш, што тэлефон дырэктара рынка ў яго ўжо быў.

Ну і што? Тое самае. Толькі на цэнніку ўжо было дапісана: “Без права выбару”. Ну ці штосьці такое. І кіраўніцтва рынку хутка адрэагавала. Не першы ж званок за дзень ад пераборлівых пакупнікоў. Зяць мой кантралёра не дачакаўся, усё вырашылася куды больш аператыўна, і нават пакецік ужо быў бясплатным.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Увага. І гэта яшчэ не ўсё. Праз нейкую гадзінку размаўляю са сваёй знаёмай, якая толькі што атрымала адпускныя:

– Схаджутка я на базар, дыньку куплю!

– Наташа, а што калі ты зойдзеш на рынак і купіш два перчыкі? – канечне, усё што трэба я расказаў. І нумар гандлёвага месца, і тэлефон дырэктара запісаў.

– З найвялікшым задавальненнем! – выпаліла Наташа і паімчалася на базар.

Не ведаю, ці купіла яна дыньку. А перчык – так. І самы лепшы. Падазраю, што нават лепшы, чым я. Бо…

Калі дзяўчына падышла да рэкамендаванага мной гандлёвага месца і спыталася, ці можна ёй выбраць перчык, прадавачка цяжка ўздыхнула:

– Канечне, калі ласка! А то мяне сёння з гэтымі перчыкамі ўжо дасталі. Выбралі? За 30 тысяч кілаграм? То я вам палічу як за 25.

Забыўся я ў Наталлі толькі спытаць, ці пакецік быў бясплатным.

Хочацца перчыку? Зайдзіце, калі ласка, на рынак на 210 гандлёвае месца. Можа і сёння там гандлюе тая цудоўная жанчына. Імя і прозвішча выдаваць не буду. Няхай гэта застанецца нашай тайнай.

Упэўнены, што спагадлівых і ветлівых прадаўцоў – бальшыня. Як і пакупнікоў. Добрага вам настрою!

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Калі не даюць выбіраць – пішыце скаргу

Сітуацыю мы папрасілі пракаментаваць загадчыцу сектара прававой і кадравай работы ўпраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Наталлю Мікульскую.

Наталля Аляксееўна пагаджаецца, што пакупнік мае права выбару, незалежна ад таго, купляе ён што ў краме, ці на рынку. І такое права яму гарантуе “Закон аб абароне правоў спажыўца”. У прыватнасці ў пункце 1.3 артыкула 5, прама сказана, што спажывец мае права на “свабодны выбар тавараў (работ, паслуг)”.

Што ж рабіць, калі ўсё ж вам прадавец не даў вам магчымасць свабодна выбраць тавар? Можаце паскардзіцца. І калі ў прадаўца няма кнігі скаргаў, то такая абавязкова будзе ў адміністрацыі рынка. У нашым выпадку сітуацыю дапамагла выправіць адміністрацыя рынка.

Мікола ГАЙДУК.

Можна сказаць, што замяніць

З размовы з прадавачкай на рынку райспажыўтаварыства Янай Самсановіч:

– Ці даяце вы сваім пакупнікам магчымасць выбраць тое, што ім хочацца?

– Ёсць прадукты, якія спакойна можна выбраць з тых, што ляжаць на прылаўку. Але ёсць, да прыкладу, памідоры. Адзін чалавек прыйдзе і пачне накладваць сабе два кіло. За ім у чаргу стане яшчэ адзін за тымі ж памідорамі, але выбіраць не будзе з чаго. Я не паспею адразу ж выкласці новыя на вітрыну. Атрымліваецца, гэтае бясконцае выкладанне – двайная праца.  Я даю пакупніку права выбіраць. Калі ласка. Аднак можна прагледзець тыя, якія я накладу сама і сказаць, што трэба замяніць.

Настасся РОЎДА.