Адразу з дзвюма пытаннямі чытачы “РГ” звярнуліся ў рэдакцыю.

Першае: ці зробяць навес над прыпынкам у вёсцы Еленка?

Другое: ці адрамантуюць цэнтральную дарогу ў вёсцы Мойсічы?

Еленка

Яшчэ летась у кастрычніку жыхары вёскі Еленка звярталіся ў рэдакцыю са сваёй праблемай.

У вёсцы няма магазіна, да жыхароў прыязджае аўталаўка. Часам яе даводзіцца чакаць не пяць і не дзесяць хвілін.

На прыпынку стаіць адна лава. Добра, калі надвор’е сонечнае: можна пасядзець, пагрэцца. А калі дождж ці снег? Людзям няма куды хавацца.

– Летась мы накіроўвалі просьбу жыхароў у ДРБУ-195, – кажа старшыня Алёхнавіцкага сельсавета Ганна Фурс. – Магчыма, з-за недахопу сродкаў не ўключылі ў план. Цяпер на тэрыторыі сельсавета супрацоўнікі ДРБУ робяць капітальны рамонт дарогі на Радашкавічы, Алёхнавічы, Гарадок. Разам з гэтым у вёсках Старынкі і Токарэўшчына будуць ставіць новыя прыпынкі.

Галоўны інжынер ДРБУ-195 Андрэй Кісель сказаў, што пытанне жыхароў Еленкі будзе разглядацца:

– Магчыма, не сёння, не заўтра, але мы будзем думаць, калі і як вырашыць праблему.

Мойсічы

Як распавёў Андрэй Кісель, 16 ліпеня ў Мойсічах падрамантавалі цэнтральную дарогу. Рамонт зрабілі бюджэтны, але гэта тое, што было ў магчымасцях ДРБУ-195.