Ці давяраеце вы міліцыі? а) Давяраю б) Давяраю, але не цалкам в) Не давяраю г) Цяжка адказаць д) Няма адказу.

Гэта сёмае пытанне анкеты, якую два разы на год праводзіць Міністэрства ўнутраных спраў, калі высвятляе, ці добра працуюць раённыя аддзелы.

Пытаюцца пра рознае. Напрыклад, наколькі аператыўна адрэагавалі на званок у “102”? Ці эфектыўна змагаюцца з п’янствам і самагонаварэннем? Ці лёгка дастаць наркотыкі? 

– Анкеты ў той ці іншнай ступені дапамагаюць убачыць праблемы, – кажа начальнік Маладзечанскага РАУС Валянцін Асіповіч. – Паказваюць, на што трэба звярнуць увагу. Больш за тое, падчас анкетавання супрацоўнік міліцыі размаўляе з людзьмі. Часта ў такіх гутарках высвятляецца, дзе праблемы з дарогамі, у якіх грамадскіх месцах людзі найчасцей выпіваюць і іншае.

Вынікі анкетавання могуць быць не зусім аб’ектыўнымі. Сярод людзей, якія ставяць птушачкі, знойдуцца тыя, каго міліцыя па пэўных прычынах прыцягнула да адказнасці.

– Ці напіша ён, што міліцыя добра спрацавала? Ці будзе лічыць, што супрацоўнік ДАІ, які аштрафаваў за перавышэнне хуткасці, зрабіў правільна? Спрэчнае пытанне, – мяркуе Валянцін Асіповіч. – Мы заклікаем людзей даваць нам ацэнку не па адной сітуацыі, а агулам. І як мага больш адасоблена і аб’ектыўна. Тады мы будзем мець вынікі, максімальна набліжаныя да праўдзівых.

Да каго міліцыя едзе найперш

Тыдзень таму “РГ” запусціла абмеркаванне ў сацыяльных сетках. Мы высвятлялі, што ў працы міліцыі незадавальняе нашых чытачоў. Некаторыя пішуць, што доўга едуць на выклік па “102”.

– Паведамленняў вельмі шмат. Мы мусім на ўсе адрэагаваць, – распавядае пра асаблівасці працы Валянцін Асіповіч. – Найперш мы едзем туды, дзе ёсць пагроза жыццю чалавека. Да таго, каму зараз, у гэтыя хвіліны, патрэбная дапамога.

Штодзень 90-100 чалавек звяртаюцца ў Маладзечанскі райаддзел міліцыі. Вельмі шмат падчас сямейных скандалаў. Часам з пагрозай жыццю.

Бывае, людзі тэлефануюць не зусім па адрасе, тады іх паведамленні перанакіроўваюць. То суседзі топяць, то замок заклінавала і немагчыма трапіць у кватэру, то чалавек сам зваліўся і просіць дапамогі.

– Нават калі чалавек кажа, што сам зваліўся, мы мусім выехаць і праверыць інфармацыю, – тлумачыць начальнік РАУС. – Раптам не сам і праз некалькі дзён высветліцца, што ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, а вінаваты ў гэтым хтосьці іншы? Бывае,  тэлефануюць і кажуць: “Муж сышоў гуляць і не вярнуўся. Дапамажыце”. Шукаем, вяртаем. Людзі прыходзяць да нас з самымі рознымі пытаннямі. Гэта паказвае, што яны нам давяраюць.

Чаму не ўсе тэлефоны знаходзяць

Некаторыя кажуць, што міліцыя не рэагуе на звароты па “102”.

– Але зварот не можа быць не зарэгістраваны. Адпаведна, ён не можа застацца праігнараваным. Усе паведамленні запісваюцца, – распавядае Валянцін Асіповіч. – Потым іх пераправярае кіраўніцтва РАУС. Гэта стаіць на пастаянным жорсткім кантролі. Іншая справа, што не ўсе здарэнні атрымліваецца раскрыць.

Да прыкладу, крадзяжы тэлефонаў.

За паўгода на Маладзечаншчыне згубілі ці выкралі больш за 150 тэлефонаў. Найчасцей яны знікаюць, калі збіраюцца вялікія кампаніі і выпіваюць. Палову тэлефонаў, што зніклі, ужо адшукалі.

– Ёсць людзі, якія “прашываюць” тэлефоны. Гэта значыць, дапамагаюць зламыснікам замаскіраваць крадзеж, – кажа начальнік РАУС. – Увогуле без супрацы з жыхарамі не можа быць парадку. Некаторыя кажуць, што ў іх двары выпіваюць, а міліцыя нічога не робіць. Пазваніце і распавядзіце, што і дзе адбываецца. Гэта дапаможа нам больш эфектыўна спрацаваць. Каб у нашым агульным доме быў парадак, трэба, каб мы працавалі над ім разам.

Што рабіць, калі з вамі абышліся груба

Як тлумачыць Валянцін Асіповіч, ёсць сітуацыі, у якіх міліцыя мусіць паводзіць сябе досыць цвёрда. Напрыклад, калі муж збівае да паўсмерці жонку і ўрываецца міліцыя. Тут ужо, што называецца, не да далікатнасці.

У іншых сітуацыях, калі падаецца, што супрацоўнік міліцыі быў занадта жорсткім, павёў сябе няправільна і бестактоўна, варта звяртацца да начальніка РАУС. За свае дзеянні супрацоўнікі міліцыі могуць панесці матэрыяльную і дысцыплінарную адказнасць. Таксама іх могуць звольніць.

– Ёсць факты, калі міліцыя прыязджае на здарэнні несвоечасова. Мы гэтыя факты ведаем і кожны з іх уважліва разбіраем. Так здараецца толькі таму, што было вельмі шмат паведамленняў, а не таму, што мы не хацелі прыехаць ці займаліся нейкімі сваімі справамі. Мы разумеем, што за кожным зваротам стаіць жыццё і здароўе чалавека. Для нас гэта самае важнае, – падагульняе Валянцін Асіповіч.

Колькі чалавек Маладзечанскі РАУС прыцягнуў да адказнасці

Дадзеныя за паўгода 2015 года.

1029 злачынстваў адбылося за паўгода. На разглядзе знаходзілася 1857 заяў

2300 чалавек прыцягнулі да адказнасці за распіццё ў грамадскіх месцах

344 кіроўцы – за кіраванне без правоў кіравання

1944 чалавекі – за перавышэнне хуткасці

1081 пешаход – за парушэнне правілаў дарожнага руху

151 транспарт затрымалі за парушэнні эксплуатавання і даставілі на штрафстаянку ДАІ

163 чалавекі прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за кіраванне ў нецвярозым стане

28 чалавек – да крымінальнай адказнасці за кіраванне ў нецвярозым стане

Некалькі водгукаў аб працы міліцыі ад чытачоў “РГ”

Святлана:

“Вельмі задаволена іх працай. Дзіця згубіла мабільны тэлефон, вельмі хутка знайшлі. Дзякуй! Тэлефон быў згублены ў выходны дзень, званілі на “102”. Прыехалі, апыталі дзіця. Мы напісалі заяву. Маглі і не прыехаць з такой нагоды. Я адразу і сумнявалася. Знайшлі тэлефон праз два месяцы”.

Дзмітры:

“Не ведаю, мой тэлефон не знайшлі. Восем месяцаў як шукаюць”.

Ала:

“Мой ровар знайшлі праз пару дзён і міліцыянеры прывезлі самі, малайцы”.