Якія прэтэнзіі маюць пакупнікі і што на іх адказваюць прадаўцы на маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства.

Маладзечанка Таццяна Красоўская працавала ў сферы гандлю 40 гадоў. Была па іншы бок прылаўка ад пакупніка. Цяпер апынулася на яго месцы і мае пэўныя заўвагі.

– Прадаўцы выкладваюць спецыі ў пакеціках, на якіх рэдка пазначаны тэрмін прыдатнасці. Хаця ў спецый, як і ў большасці прадуктаў, ёсць жорсткія нормы. Склад на пакеціку можа быць як зусім не напісаны, так і не цалкам. Просіш паказаць фабрычную ўпакоўку, а там розныя хімічныя дадаткі. Можна сустрэць глютамат натрыю, хоць і дазволены для выкарыстання, але шкодны для здароўя. Ці гэта не падман пакупніка? І хто будзе правяраць вагу ўжо расфасаваных прыпраў? Як праверыш, ці не падсыпалі яны туды чагосьці не таго?

“Гэтыя спецыі ў пяць разоў танней і смачней”

У прадаўцоў на рынку свой погляд на фасаваныя прыправы. Асноўны аргумент, чаму гандляры не стануць падманваць пакупніка, – іх аўтарытэт. Маўляў, наўрад ці ў іх будуць добра ісці справы, калі яны пачнуць шукаць такую сумнеўную выгаду.

– У нас спецыі ў пяць разоў танней, – упэўнівае гандляр Айдын. – І ў столькі ж разоў смачней. Больш за тое, іх можна панюхаць ці нават пакаштаваць.

 Ганна працуе на рынку ўжо 15 гадоў. Жанчына мае прыправы як фасаваныя, так і ў фабрычнай упакоўцы. Таму для яе не праблема дагадзіць любому пакупніку.

 – Напрыклад, калі прыходзяць выбіраць карыцу, то прапаную фасаваную па 50 грамаў, у завадской упакоўцы і карыцу ў палачках, – расказвае прадавачка. – У фасаванай упакоўцы пакупнік можа адчуць пах, у заводской упакоўцы звычайна не заўсёды. Некаторыя выбіраюць прыправу, памацаўшы.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Жанчына адзначае, што раней на рынку не гандлявалі фасаванымі спецыямі, аднак трэба адпавядаць запытам пакупнікоў, ісці ў нагу з часам. Тым больш, што людзі ахвотна купляюць – яны нашмат таннейшыя, маюць больш прыемны пах і надзвычайны смак.

– На ўсе прыправы ў мяне ёсць сертыфікаты і накладныя, – адзначае Ганна. – Калі ў некага ўзнікаюць пытанні наконт якасці, паказваю дакументы. Аднак пакупнікі зрэдку патрабуюць іх. Купяць раз, спадабаецца, прыходзяць яшчэ.

Усе спецыі прыходзяць ва ўпакоўцы па кілаграме, іх расфасоўваюць па 50 грамаў – шмат за раз не купяць.

Калі жанчына бачыць, што прыправа няякасная, вяртае тавар назад.

– Нядаўна атрымала маяран, – расказвае Ганна. – А ў яго нязвыклы для гэтай прыправы колер, пах, нейкія драбінкі пяску ці што. Нават фасаваць не стала, патэлефанавала на прадпрыемства, дзе замаўляла, сказала, што такі тавар мне не падыходзіць. Узялі назад.

 На што глядзіць санстанцыя

Як распавяла загадчыца аддзела гігіены харчавання Маладзечанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Кугара, калі ідуць праверкі гандляроў спецый, глядзяць на чысціню месцаў, сочаць, ці ёсць патрэбныя медыцынскія даведкі. Правяраюць усе неабходныя дакументы па якасці і адпаведнасці тавараў нормам.

На агульнай упакоўцы тавара мусіць быць маркіраваны ярлык, які павінен захоўвацца, пакуль не будзе распрададзены ўвесь тавар.

У прадаўца ў любы момант можна папрасіць паказаць гэты ярлык, каб прачытаць склад, праверыць тэрмін прыдатнасці тавару.

Парады ад гандляркі спецыямі

1. Для таго, каб прыгатаваць курыцу, жанчына раіць выкарыстоўваць прыправу “Мексіканскую” і не баяцца яе вастрыні.

Курыцу трэба шчодра намазаць прыправай, пакласці на некаторы час, каб курыца ўвабрала ў сябе пах. Потым пакласці ў рукаў для запякання і пячы ў духоўцы 20 хвілін – ні больш ні менш. Так курыца захавае сакавітасць.

Пасля курыцу выняць з рукава і паліць юшкай, якая выдзелілася падчас прыгатавання. Так ваша страва будзе больш смачная. Падчас запякання вастрыня прыправы сыходзіць.

2. Каб прыгатаваць шашлык, жанчына раіць выкарыстоўваць адпаведную прыправу. У ёй ёсць ягады ядлоўцу, цыбуля, спецыі. Мяса для шашлыку трэба абавязкова пакласці ў пакет і добра перамяшаць з прыправай. Пасля пакінуць на некаторы час, каб мяса пусціла сок, увабрала ў сябе пах спецый, пасля зноў памяшаць. Мяшаць мяса трэба да таго часу, пакуль не стане мяккай цыбуля. На наступны дзень можна гатаваць шашлык.

3. Для мяса, сала выдатна падыдзе сумесь перцу.

– Перац збіраюць па меры таго, як ён паспявае, – дзеліцца мудрасцямі прафесіі прадавачка. – Спачатку збіраюць чырвоны перац, потым белы, зялёны і чорны. Пасля ўсе перцы змешваюць.

Экспрэс-апытанне: ці падманвалі вас прадаўцы?