– Як прыйшлі да выбару прафесіі доктара?
Ён усміхаецца і ўспамінае сваё дзяцінства, праведзенае ў вёсцы Жарнэлі на Астравеччыне:
– Рос у шматдзетнай сям’і. Мама Казіміра Пятроўна выгадавала і выхавала нас, траіх дзяцей: старэйшую сястру Вольгу, сястру Наталлю і мяне, – самага малодшага ў сям’і. Бацька Станіслаў Генрыхавіч памёр, калі я толькі пачынаў вучыцца ў школе. Школа знаходзілася ў амаль у сямі кіламетрах ад нашай вёскі Жарнэлі, на беразе маляўнічай ракі Віліі. Гэта мая любімая навучальная ўстанова – родная школа ў вёсцы Быстрыца. У школу мы, вучні малодшых класаў, ездзілі на аўтобусе. Назад часцей хадзілі пешшу. У школьныя гады вельмі шмат чытаў. Быў навучаны чытаць з пяці год. Падабалася кантактаванне з людзьмі. Да выбару медыцынскай прафесіі прыйшоў самастойна. Мама працавала кіроўцам, сёстры выбралі іншыя прафесіі.
“Зразумеў, што медыцына – маё пакліканне”
Пасля дзявяці класаў Мікалай паступіў у Бабруйскае дзяржаўнае медыцынскае вучылішча (цяпер каледж). Вучыўся паспяхова: вучоба давалася лёгка.
– Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча ў мяне не было сумневаў у правільнасці выбару прафесіі, – кажа Мікалай. – Зразумеў, што медыцына – маё пакліканне. Бо людзі ў белых халатах маюць магчымасць дапамагаць усім людзям. Я адчуў гэтую магчымасць. Для доктара вельмі важна, калі ты патрэбны чалавеку.
Мікалай захоплена распавядае аб студэнцкіх гадах, успамінаючы вучобу ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
– Якія значныя імгненні з студэнцкага жыцця запомніліся?
– Ва ўніверсітэце сустрэў сваё каханне. Гэта – самае памятнае. Мая жонка Вікторыя – доктар-неўролаг.
– А Вы хацелі б падоўжыць сямейную дынастыю?
– Так. Маленькая дачка Анастасія па прыкладзе бацькоў, магчыма, будзе доктарам з атрыманымі медыцынскімі ведамі “па спадчыне”.
Заўважаем у гарадскім парку сямейную пару з каляскай. У Мікалая загараюцца вочы ад радасці. Жонка Вікторыя фатаграфуе малышку. Гавораць з калегамі, усміхаюцца.
Працягваю інтэрв’ю:
– Апішыце, калі ласка, вашы бацькоўскія пачуцці…
– Я шчаслівы бацька. Горда ношу свой маленькі цуд на руках.
– Ваш любімы настаўнік ці выкладчык?
– Любімай настаўніцай у школе была Людміла Мікітаўна Багачова. Яна выкладала беларускую мову і літаратуру. Гэты прадмет вельмі любіў.
Доктар успамінае з любоўю і настаўніцу фізікі Ірыну Альфонсаўну, якая падсілкоўвала дапытлівасць і цікавасць будучага доктара да дакладных навук.
– Скажыце, што больш за ўсё любіце ў сваёй справе?
– Тэрапеўтычныя зносіны. Люблю, калі прыходзіць пацыент, вырашаюцца яго праблемы, і сыходзячы з кабінета, ён кажа: “Дзякуй!”. Чалавек у добрым настроі, і гэта вельмі прыемна.
– Што самае галоўнае ў працы доктара-псіхіятра?
– Умець слухаць пацыентаў. І яшчэ ўменне бачыць чалавека.
– Псіхолагі лічаць, што ў вас – удзячная аўдыторыя. Вашы наведнікі – дзеці, падлеткі. А ці ёсць зваротная сувязь?
– Так. Прыём вяду для ўсіх. Дзіця нельга лячыць асобна, бо яно – люстэрка сям’і. Менавіта дзіця адлюстроўвае праблемы сям’і.
— Вашы пажаданні чытачам…
– Лічу, што не варта баяцца нашага кабінета. Да прыкладу, тэма аб “дзіцячых страхах” вельмі значная. Часам дарослыя людзі не разумеюць, чым заняты псіхіятр. Маё галоўнае пажаданне – вучыцеся казаць пра свае пачуцці, вучыцеся прыгожым гарманічным адносінам, прапагандуючы здаровы лад жыцця. Будзьце здаровыя і шчаслівыя!