Ёсць цікавы парадокс: як толькі прафесія робіцца высокааплатнай і прэстыжнай, яна становіцца “мужчынскай”. Напрыклад, у сацыяльных сферах (педагогі, выхавальнікі ў дашкольных установах) занятыя жанчыны, у камерцыйных больш мужчын.

Гэтую з’яву патлумачыла псіхолаг Таццяна Жданава:

– У свеце шмат прыкладаў, калі жанчыны становяцца кіраўнікамі краін, палітычных партый, стаяць за штурвалам самалётаў і караблёў. Аднак мала прыкладаў, калі мужчыны выцясняюць жанчын са звыклых роляў: становяцца выхавацелямі ў дзіцячых садках, працуюць на швейнай вытворчасці. Сёння мужчына ў бухгалтэрыі, аддзеле кадраў, у педагагічным калектыве школы – рэдкасць, калі не экзотыка.

Жанчыны заваёўваюць мужчынскія прафесіі

Поўнай сіметрыі ў гэтым пытанні не будзе, таму што існуюць адпаведныя запаведныя гендэрныя зоны. Жанчына не зможа, напрыклад, працаваць на многіх машынабудаўнічых прадпрыемствах, у дабываючай індустрыі, на шкоднай вытворчасці – забараняе закон, які ахоўвае яе здароўе.

Затое жанчынам даступныя палітыка, дыпламатыя, бізнес – традыцыйныя “мужчынскія тэрыторыі”. У ІТ-сферы не менш чым у іншых, заўважаецца паступовае размыцце гендэрнай няроўнасці – з’яўляецца вялікая колькасць жанчын-праграмістаў альбо жанчын-спецыялістаў тэхнічнай падтрымкі.

У свеце амаль кожная галіна характарызуецца дамінаваннем альбо жанчын, альбо мужчын. Такое раздзяленне працы істотна ўплывае на гендэрную няроўнасць. Мала ў якіх сферах можна сустрэць роўны ўдзел прадстаўнікоў абодвух полаў.

У спецыяльнасцях, дзе гаспадарчыя навыкі і фізічная сіла не іграюць істотнай ролі, а перавагу маюць разумовыя здольнасці і прафесіяналізм, тэарэтычна ўвогуле не можа існаваць мужчынскіх і жаночых спецыяльнасцяў. Бо пол не ўплывае на ўзровень прафесіяналізму.

Праблема – у нізкай прафарыентацыі дзяўчат

Сацыёлагі прычыну такога парадоксу бачаць у эмансіпацыі – актыўнай барацьбе жанчын за ўдзел у сацыяльным і эканамічным жыцці нароўні з мужчынамі.

На погляд Таццяны Жданавай, толькі дзякуючы масавасці гэтага руху тыя адзінкавыя спецыялісты-жанчыны, у каго ёсць сапраўдны талент у “мужчынскіх” сферах, могуць паўнавартасна рэалізаваць сябе ў працы.

 Другой прычынай псіхолаг называе эканамічную. Гэта пацвярджаюць шматлікія даследаванні. Жанчыны не столькі выцясняюць мужчын з некаторых традыцыйна “мужчынскіх” прафесій, колькі займаюць месцы, якія вызваліліся ў выніку масавага сыходу прадстаўнікоў моцнага полу на больш аплатную працу. Калі заробак на пэўных пасадах не дазваляе знайсці работніка-мужчыну, многія кампаніі “паслабляюць” планку пры пошуку кадраў, прынімаюць на работу жанчын.

На сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў прыведзены прыклад кандыдата філасофскіх навук, дацэнта кафедры сацыяльнай камунікацыі БДУ Надзеі Яфімавай, як прафесія “змяняе пол”:

– Раней на факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ паступалі ў асноўным дзяўчаты, а хлопцы – на класічную матэматыку. Цяпер факультэт прыкладной матэматыкі – гэта праграмісты, мужчынскі факультэт. Гэта значыць, як толькі прафесія стала прэстыжнай, высокааплатнай, туды прыйшлі мужчыны. Я бачу праблему найперш у няправільнай або нізкай прафарыентацыі дзяўчат у школе. Таму што па статыстыцы дзяўчаты вучацца лепш, але ў выніку выбіраюць прафесіі, якія прадугледжваюць меншы ўзровень даходаў.

У цэлым у Беларусі жанчыны маюць больш высокі ўзровень адукацыі, чым мужчыны. Дыплом ВНУ ці сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы маюць 55% працуючых жанчын і 38% мужчын.

Сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 26,9%, для мужчын – 20,2 %.

З агульнай колькасці працуючых грамадзян Беларусі жанчын амаль 54%. Адносная вага жанчын па рабочых спецыяльнасцях складае 43,7%, жанчын-службоўцаў – 68,1%, кіраўнікоў – 46,5%, спецыялістаў – 74,2%.

Дарэчы, ёсць даследаванні, якія паказваюць, што ў Беларусі ў буйным бізнэсе жанчыны займаюць 10-15%, а ў малым – каля 80%. Гэтыя дадзеныя прыводзіць фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).

Псіхолагі тлумачаць прафесійны парадокс

Прычына ляжыць у сацыяльных чаканнях, якія датычацца роляў полаў у грамадскім жыцці, заўважае псіхолаг. Жанчыны, згодна з гэтымі ролямі, павінны быць мяккімі і пакладзістымі, жаноцкімі і далікатнымі, а мужчыны – моцнымі, мужнымі і напорыстымі. Менавіта ў гэтых якасцях і ляжыць аснова раздзялення прафесій.

І калі з фізічнай сілай усё зразумела, жанчыны не рвуцца ў тыя прафесіі, дзе трэба месць справу з цяжкімі прадметамі (за выключэннем спорту), то са спецыяльнасцямі, дзе важныя псіхалагічныя якасці, усё значна складаней. Мяжа паміж імі, як можна назіраць, усё больш сціраецца. Жанчыны ўсё часцей дэманструюць “мужчынскія” якасці, як яны самі каментуюць гэта адбываецца не ад “добрага” жыцця.

Не мямліце, не бойцеся, – і экзамен пройдзе выдатна

Дарыце шчасце, часам губляйце адчуванне часу. Простыя правілы, каб стаць шчаслівым