Сёлета ў Нарачанскім краі пакуль фіксуецца больш выпадкаў цэркарыёзу, чым летась. Да возера Нарач далучылася і Мястра.

Цэркарыёз, так званы “сверб купальшчыка”, даўно непакоіць адпачывальнікаў на Нарачы. Яго пасля купання у асобных людзей выклікаюць лічынкі птушыных гельмінтаў – цэркарыяў. У месцах іх пранікнення скура становіцца чырвонай, з’яўляецца пачуццё смылення і свербу, неўзабаве з’яўляюцца высыпка і пухіры. Праз некалькі дзён усе гэтыя сімптомы праходзяць.

У чэрвені у Нарачанскім краі са скаргамі на цэркарыёз звярнуўся адзін чалавек. За дзве дэкады ліпеня – 10 (з іх сем дзяцей і падлеткаў). Найчасцей людзі звярталіся ў дні, калі было спякотна. Для параўнання: летась на гэты час звярнуліся пяць чалавек.

Зразумала, гэта статыстыка не адлюстроўвае поўную карціну. У ёй ўлічаныя толькі тыя, тыя хто звярнуўся да медыкаў. А некаторыя ж  самі змагаюцца са свербам.

Калі раней выпадкі цэркарыёзу фіксаваліся на возеры Нарач, то у ліпені звярталіся таксама і тыя, хто пакупаўся на Мястры. Такіх было пяць чалавек.

Купайцеся на абсталяваных пляжах

У 2013 годзе са скаргамі на цэркарыёз у раёне звярнуліся 19 чалавек, у 2014 годзе – 16. 

А былі некалі гады, калі на Нарачы фіксавалася больш за 600 выпадкаў! Гэта было да таго, як пачалі выконваць рэкамендацыі навукоўцаў па змаганні з навалай. Яны параілі касіць трыснёг, адпужваць птушак, убіраць малюскаў, устанаўліваць на пляжах душы і пантоны ды іншае.

Памочнік паразітолага Мядзельскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Тарасёнак дае такія парады адпачывальнікам:

–      Купайцеся на абсталяваных пляжах. Пазбягайце месцаў, што зараслі воднымі раслінамі. У ваду заходзьце з модульнай платформы (пантона) ці мосціка, бо найбольш лічынак-цэркарыяў збіраецца да глыбіні 70 сантыметраў. Лепш купацца часцей і нядоўга. Пасля купання абавязкова абмыйцеся пад душам. Калі ж яго няма, то трэба насуха абцерціся ручніком.