Пасля падземна-мінных атак каля Навасёлак і Смаргоні, восенню 1916 года была зафіксаваная пракладка нямецкіх мінных галерэй каля Бурча­коў­скага гаю ў раёне вёскі Кунава.

У наш час там заўважаліся правалы па лініях падземных тунэляў.

Застаўшыся адзін, падпаліў шнур і знішчыў мінныя галерэі

Варожыя падкопы былі разлічаныя на падрыў рускага падземнага хода да перадавой. Каб не дазволіць выканаць запланаванае, рускія разведчыкі сумесна з сапёрамі праводзяць наземную начную атаку. Уявіць карціну той аперацыі можна па выпісцы з асабовай справы камандзіра першага сапёрнага батальёна Другога каўказскага інжынернага палка паручніка Сяргея Іванавіча Азіяйса.

У ёй адзначана: “У баі 9 (22) лістапада 1916 года пры атацы высунутага кальцавога акопа саперніка ля Бурчакоўскага гаю на чале сваёй каманды першым уварваўся ў мінную галерэю ворага, і, нягле­дзячы на моцны ружэйны агонь і ручныя гранаты, хутка знішчыў правады і ўзарваў галерэю. Ён не задаволіўся разбурэннем унутры і вырашыў падарваць і ўваходную галерэю, і ўсю мінную сістэму, для чаго адпусціў усіх ніжніх чыноў і, застаўшыся адзін, заклаў дынаміт і падпаліў шнур. Па­чуўся выбух, які знішчыў мінныя галерэі немцаў, а таксама мінёраў і зарады”.

За паспяховую атаку Сяргей Азіяйс загадам ад 31.12.1916 года быў узнагароджаны камандуючым 10-й арміі ордэнам Святога Георгія 4-й ступені. За мужнасць і “годныя славы подзвігі” ў час правядзення гэтай баявой аперацыі такімі ж вышэйшымі вайсковымі ордэнамі ў 16-м грэнадзёрскім Мінгрэльскім палку былі адзначаныя падпаручнік Мікалай Аляксеевіч Касаікін, падпаручнік Дзмітры Дзмітрыевіч Байшаў (пасмяротна), прапаршчык Емяльян Пятровіч Снягір (пасмяротна).

Выбух. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Выбух. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Глядзець карту: Кунава.

За Тэнчынскі нос

Не менш зацятая барацьба вялася за Тэнчынскі бугор, ці, як называлі яго немцы, Тэнчынскі нос. У гады Першай сусветнай вайны франтавая мяжа ад Смаргоні да Крэва пралягла па дарозе, якая спрадвечна звязвала гэтыя населеныя пункты. Толькі каля маёнтка Тэнчын, пасля захопу летам 1916 года Сібірскімі стралкамі перадавога нямецкага пункта, рускія пазіцыі перасеклі гэту лінію супрацьстаяння. Павернутыя ў нямецкі бок рускія акопы знаходзіліся ўдвая бліжэй да немцаў, чым да сваёй лініі абароны. Сёння гэта мясціна знаходзіцца на ўсходнім схіле Тэнчынскай вышыні, каля мясцовага мехстана.

У другой палове 1916 года на адзначанай пазіцыі пачынаецца падрыхтоўка да міннай і контрміннай вайны, з абодвух бакоў бугра пракладваюцца мінныя галерэі. На пачатку 1917 года, каб скаваць германскія войскі і не дазволіць іх перакідванне на іншыя ўчасткі фронту, рускае камандаванне спланавала каля Тэнчына правя­дзенне дэманстрацыйнага захопу варожага фронту з адначасовым падрывам небяспечных мінных галерэй саперніка. Батальён 13-га Лейб-Эрыванскага палка 3 (16) студзеня 1917 года ўдала атакаваў нямецкія пазіцыі, захапіў іх перадавыя акопы, сапёры правялі падрыў мінных галерэй і без страт адышлі на пазіцыі. У нямецкіх галерэях у час атакі працавалі, там знаходзілася шмат рабочых і інжынерных афіцэраў, усе яны загінулі.

За баявую аперацыю начальнік каманды разведчыкаў падпаручнік Тамашэвіч, камандзір 10-й роты Эрыванцаў, паручнік Афанасьеў і штабс-капітан Кацельнікаў атрымалі Геор­гі­еў­скую зброю. Капітан Гранітаў быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячом і бантам, прапаршчыкі Карабухаў і Лявіцкі – ордэнамі Святой Ганны 4-й ступені з надпісам “За храбрасць”.

Па сведчаннях мясцовых жыхароў, усё, што напамінала пра тую вайну ў выглядзе варонак і траншэй, з цягам часу засыпалі, сёння тут звычайныя сельскагаспадарчыя палеткі. Варта прыгадаць таксама, што пасля ваеннай віхуры быў цалкам знішчаны сам маёнтак Тэнчын.

Глядзець карту: Тэнчын.

Нос цара Фердынанда

З матэрыялаў Мала­дзечанскага занальнага дзяржархіва вядома, што перад вайной маёнтак Тэнчын гаспадара Лявона Леанардавіча Ваўчацкага складаўся з шыкоўнага двухпавярховага сядзібнага дома, мураванай, глінабітнай і драўлянай кухняў, пяці хат-чваракоў для работнікаў, дзвюх мураваных і адной драўлянай стайняў, двух хлявоў, аўчарні, кароўніка, мураванага бровара са склепам і воднага млына. Гэты пералік знішчаных пабудоў маёнтка дае ўяўленне пра тыя непапраўныя страты, якія былі нанесеныя вайной толькі ў адным куточку нашага краю.

Адна з апошніх мінных атак рыхтавалася на Фердынандавам носе каля Крэва. Такую назву ў рускіх штабістаў займеў нямецкі выступ, які сваімі абрысамі нагадваў нос балгарскага цара Фердынанда на тагачасных карыкатурах. На беларускім участку руска-нямецкага фронту аналагічная назва сустракалася і ў іншых мясцінах.  

Па нямецкіх крыніцах гэты выступ меў назву Саксонскай пазіцыі, сёння ён знахо­дзіцца каля вёскі Багушы, пры ўездзе ў крэўскі лес.

У дасланай шаноўным Уладзімірам Багданавым “Гісторыі 374-га пяхотнага палка” змешчаны адзін ваенны эпізод, які раскрывае невядомую раней старонку падземнага супрацьстаяння. У час падрыхтоўкі да ліпеньскага наступлення 1917 года, рускімі вайскоўцамі пачынаецца пракладка міннай галерэі для знішчэння варожых умацаванняў на Фердынандавым носе.

Немцы ў адказ у спешцы закладваюць сваю контрмінную галерэю. З дапамогай электрычнага ўзмацняльніка шуму, які нагадваў тэлефонны апарат, немцы праслухоўваюць падземныя работы рускіх сапёраў. Праз некаторы час яны заўважаюць спыненне працы з рускага боку, што прыводзіць да завяршэння пракладкі іх контрміннай галерэі. Па адной з версій, працы прыпыніліся ў сувязі з падтапленнем падкопу і таму, што рускую армію апанавалі разлад і анархія. Што цікава, немцы нават у час летняга наступлення не былі ўпэўнены ў тым, што рускія не выканаюць падрыў міннага зараду на гэтай пазіцыі.

Варонка Лахнагар. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Варонка Лахнагар. Фота забяспечана Уладзімірам Прыхачам.

Падземная галерэя – унікальны помнік

След ад падземнага ходу захаваўся каля Лешчанятаў. У час краязнаўчай вандроўкі 2005 года можна было яшчэ разгледзець завалены ўваход ў падземную галерэю. Па звесткам мясцовых краязнаўцаў, ход вёў да рускіх пазіцый, зверху быў ўмацаваны драўлянымі перакрыццямі, а бакавыя сцены абабітыя жалезнымі лістамі. Невядома, выкарыстоў­ваўся ён для мінных атак ці быў звычайных ходам зносін. Цалкам верагодна, што ў іншых мясцінах Смаргоншчыны існавалі падобныя галерэі з нямецкага і рускага бакоў. Знаходка новых фактаў і пацвя­р­джэнняў зможа ў далейшым пашырыць веды пра малавядомыя старонкі нашай гісторыі.

Самым вялікім кратэрам, які ўтварыўся ад ваенных дзеянняў, і адным з самых вядомых помнікаў падземна-міннай вайны на Захадзе з’яўляецца Лохнагарскі кратэр на поўначы Францыі. Каля варонкі, якая захавалася ад падрыву мін 1 ліпеня 1916 года, сёння стаіць невялікі помнік у выглядзе крыжа, па перыметры варонкі пракладзеная сцяжынка, кожны год на гэтым месцы ладзяцца мемарыяльныя інсталяцыі памяці.

Упэўнены, што варонкі ад мінных атак каля Навасёлак і Смаргоні хутка вернуцца з нябыцця, прыцягнуць увагу не толькі даследчыкаў гісторыі, а разам са смаргонскім мемарыялам стануць самымі наведнымі турыстычнымі аб’ектамі па Першай сусветнай. Гэта ўнікальныя помнікі такога кшталту не толькі на тэрыторыі Беларусі, а, магчыма, на ўсім працягу былога руска-нямецкага фронту.

Рэха падземна-міннай вайны. Барацьба за Залатую Горку на Смаргоншчыне

Рэха падземна-міннай вайны ў Першую Сусветную. Навасёлкі на Смаргоншчыне