Ці мае шанец на рэалізацыю праект па забудове пляцоўкі, дзе раней месцілася замчышча Агінскіх? Чым ён адметны?

Трое сёлетніх выпускнікоў архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта распрацавалі праект мемарыяльнай сядзібы гісторыка-культурнага цэнтра ў Маладзечне. Фактычна – праект рэканструкцыі замчышча Агінскіх, паколькі месцам абрана менавіта гэтая пляцоўка каля горада.

Для маладзечанкі Дыяны Булдык, мінчанкі Таццяны Смяян і бабруйчаніна Аляксея Дзмітрука гэты сумесны праект стаў дыпломнай працай.

– Месца, дзе раней было замчышча Агінскіх знакавае для горада, – мяркуе Дыяна Булдык. – Але яно ніяк не выкарыстоўваецца. Знаходзіцца наводшыбе, пра яго мала хто ведае, і тым больш, ездзіць туды. У большасці гарадоў Беларусі не хапае грамадскіх пляцовак для адпачынку людзей. Маладзечна ж лічыцца культурнай сталіцай Міншчыны, тут шмат творчых людзей. І на месцы замчышча Агінскага мы хацелі стварыць культурную пляцоўку.

Мікалай Тамашэўскі – пра новы праект

Пяць гадоў таму “РГ” распавядала пра праект па забудове тэрыторыі каля замчышча, аўтар якога – Мікалай Тамашэўскі. Тады меркавалася, што праект магчыма рэалізаваць да 2015 года.  Сёлета замчышча стаіць у некранутым выглядзе.

– Адрозненне новага праекта ў тым, што ён ахоплівае ўсё поле неабходных работ. Кожная дэталь мае канкрэтыку. Я стварыў канцэпцыю рэканструкцыі замчышча, якая лягла ў аснову праекта. Маладыя архітэктары звярнуліся да мяне, каб прадумаць праект. У выніку яны зрабілі выдатную работу. Цяпер пытанне, як яе рэалізаваць.

Чым адрозніваецца новы праект

Пытанне “Дзе ўзяць грошы?” ужо шмат гадоў не можа вырашыцца. Сустаршыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонда “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” Уладзімір Сівуха адназначна пагаджаецца, што тэрыторыя каля замчышча павінна быць абуладкаваная. Але пакуль усе ідэі, як зрабіць гэта найлепш, не далі плёну.

– Атрымалі чатыры праекты, але ніводны з іх не быў дасканала сфарміраваны. Трэба было звярнуцца да распрацоўшчыкаў, якія б маглі прадумаць усе дэталі. Атрымалася, што адзін з лепшых праектаў распрацавала гэта група студэнтаў: праект у выглядзе дыпломнай работы. Удзельнікі фонду дапамаглі зрабіць яго больш глыбокім і цікавым.

Адметнасць праекта Уладзімір Сівуха бачыць у яго комплекснасці: ён прадугледжвае месца для адпачынку як дзяцей, так і дарослых, насычаны культурна-гістарычнымі адметнасцямі. Паводле праекта, будзе абуладкаваная рака Уша, зробленая этнавёска, дзіцячая пляцоўка. Ёсць некалькі варыянтаў гасцініцы.

– Для пачатку гэты праект вельмі моцны, уражвае сваім выглядам, – гаворыць Уладзімір Сівуха. – Наогул, бацька ўсяго, што звязана з развіццём замчышча – Мікалай Тамашэўскі. Яго ўнёсак каласальны. І новы праект грунтуецца на яго задуме. Але ён не рэалізаваны. Магчыма, таму, што яшчэ не прыйшоў час. Людзі яшчэ не асэнсавалі важнасць турыстычнага аб’екта на замчышчы. Для рэалізацыі не хапае творчых і фінансавых рэсурсаў.

На думку Уладзіміра Сівухі, першы крок для рэалізацыі праекта – расказаць пра яго грамадскасці. Для таго, каб як мага больш людзей ведалі пра магчымы комплекс, каб маладзечанцы загарэліся ідэяй стварыць турыстычны аб’ект на замчышчы.

– Патрэбна знайсці генеральнага спонсара, а пасля далучыць некалькіх партнёраў: хтосьці пабудуе гасцініцу, нехта – рэстаран. Безумоўна, такая інвестыцыя выгадная, – запэўнівае Уладзімір Сівуха.

“Мы не ведаем, як выглядаў замак Агінскага”

Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Аляксандр Рамановіч хоць і не бачыў праект маладых архітэктараў на свае вочы, аднак ведае, што ён з сябе ўяўляе.

– Складанасць яго рэалізацыі яшчэ ў тым, што дагэтуль мы не маем ні адзінага дакументальнага пасведчання пра тое, як насамрэч выглядаў замак Агінскага. Рабіць праект абы ён быў зроблены – такі падыход няправільны. Да таго ж, каб пачаць будаваць нешта на археалагічным грунце, трэба дазвол археолагаў і міністэрства культуры. Атрымаць яго можна пасля таго, як спецыялісты правядуць даследванне на гэтым месцы. А даследванне – справа не з танных.

Як заўважыў Аляксандр Рамановіч, атрымаць магчымасць збудаваць комплекс можна, трапіўшы ў праграму “Замкі Беларусі”.

– Але для гэтага трэба прадставіць праект. І ў ім павінна быць навуковая частка, – дадаў Аляксандр Рамановіч.

Па-ранейшаму, не зразумела, ці ёсць нейкія зрухі ў бок рэальнага ўвасаблення праектаў з паперы. Час ідзе, а грошай як не было, так і няма. І невядома, колькі яшчэ іх давядзецца чакаць.

Замчышча стане папулярным

Ва ўзнёслай атмасферы ў Маладзечне прайшла прэзентацыя дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” (Фотарэпартаж)

Агінскага пабачаць у галаграме

Уладзімір Сівуха: “Мы хочам зрабіць Маладзечна цэнтрам альтэрнатыўнай энергіі Беларусі”