Дома 2 жніўня віляйчане сустракаліся з “Нёман-Агра” са Стаўбцоўскага раёна і выйгралі 3:1.
– За кошт чаго ўдалося перарваць крыўдную серыю пройгрышаў? – спытаў у прадстаўніка “Віліі” Алега Гулевіча.
– Шэраг нашых гульцоў вярнуліся з адпачынку ці аднавіліся пасля траўмаў. Ды і сабраліся ўсе, сур’ёзна пагутарылі, што хопіць ужо прайграваць.
Напачатку першага тайма дамінавалі госці. І гол забілі першымі. А потым гульня ў віляйчан пайшла лепш, многае стала атрымлівацца – асабліва ў другім тайме. У ім віляйчане забілі тры галы: двойчы вызначыўся Аляксандр Грыхуцік, і адзін раз – Віктар Сяліцкі.
– Заўзятары падыходзілі пасля матчу, дзякавалі. Так ім спадабалася гульня нашай каманды ў другім тайме. Казалі: “Каб вы так заўжды гулялі, то маглі б і чэмпіёнамі быць”, – дзеліцца Алег.
“Вілія” паднялася на пятае месца.
У Чысці сустракаліся мясцовая “Забудова-Буд” і ДЮСШ-4 з Маладзечна. Гаспадары перайгралі маладзечанцаў 2:1. У іх галамі адзначыліся Працкевіч, Ахрамовіч, у маладзечанцаў – Альховік.
Нягледзячы на паражэнне, ДЮСШ-4 захавала трэцяе месца, каманда з Чысці ўзнялася на восьмае.