Спявак з Маладзечна, які працуе ў жанры шансон, звярнуўся да класікі беларускай паэзіі.
Новы альбом Віталя Качаткова завецца “Абнімі мяне”.
Выканаўца кажа, што напісаў новы твор па матывах вершаў Янкі Купалы. Запісам, звядзеннем і майстарынгам займаўся Генадзь Сыракваш, а аранжыроўку зрабіў Іван Чэбанаў з Малдовы.
– Пасля таго, як я запісаў свой трэці альбом і прапрацаваў каля паўсотні песень на вершы розных аўтараў, то адчуў у сабе сілы пісаць і свае тэксты – распавядае выканаўца. – Вядома ж, я не паэт, але перапрацоўваць і кампіляваць у мяне атрымліваецца. Я шукаю паэтычныя вобразы ў паэтаў-класікаў. І Янка Купала – адзін з самых яскравых паэтаў, які натхняе на стварэнне свайго.
Віталь Качаткоў працуе пераважна на расейскай шансон-сцэне, але імкнецца ўключаць у свой рэпертуар песні па-беларуску.
З адной з іх “Уцякае сонечны прамень” ён стаў летась лаўрэатам конкурсу “Звездопад талантов” у Маскве.
– Даволі часта высятляецца так, што ў шмат якіх расейцаў карані беларускія, таму прымаюць песні па-беларуску на “ўра”. Як, нядаўна, на фэстывалі шансона ў Васкрэсенску і на фэсце “Спадчына продкаў” у Маскве, – кажа Віталь Качаткоў.
Цяпер выканаўца заняўся яшчэ і прадзюсарствам – спявачкі Алесі Агінскай. Першы альбом яе будзе звацца “Уцякае сонечны прамень”.
Паслухаць новую песню Віталя Качаткова можна тут.