Чарніцы даюць найбольшы ўраджай і актыўней іншых убіраюць радыёнукліды з глебы. Сёлета перавышэнне радыёнуклідаў ў 1,5 разы  знайшлі ў дзвюх пробах чарніц з вёскі Талуць і Іжа на Вілейшчыне.

На рынку актыўна гандлююць ляснымі ягадамі.  Але не ўсе прадаўцы маюць суправаджальныя дакументы да прадукцыі. У мэтах уласнай бяспекі не забывайцеся правяраць ягады і грыбы ў лабалаторыі.

Гэта можна зрабіць на рынках або бясплатна ў маладзечанскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі па вуліцы Чкалава, 2а. Для даследавання патрэбны літр пэўнай прадукцыі. Пробу ўладальніку вяртаюць на працягу дня і даюць адказ. Калі вы гандлюеце ягадамі і грыбамі на рынку, абавязкова праверце іх на утрыманне цэзію ў лабалаторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы рынка. Вам дадуць адпаведную даведку.

Небяспечна купляць ягады і грыбы па-за рынкамі, каля дарог і іншых неўстаноўленых месцах.

Не збірайце грыбы ў лесе, забруджаным радыёнуклідамі, побач з прамысловымі прадпрыемствамі, фермамі, каля шашы і чыгункі. Грыбы здольны накопліваць радыёнукліды і солі цяжкіх металаў – гэта небяспечна для здароўя. Калі вы спажываеце такія ягады, радыёнукліды застаюцца ў арганізме надоўга, гэта можа прынесці небяспечныя наступствы для здароўя.

Паводле Ірыны КАЗАКЕВІЧ, доктара-гігіеніста радыёацыйнай гігіены Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.