Белстат апублікаваў статыстычны зборнік, прысвечаны дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне за 2014 год. “Наша Ніва” знайшла цікавыя факты пра беларускія сем’і.
Паводле статыстыкі, мужчыны першы раз ідуць у ЗАГС у 27,4 года, жанчыны – у 25,3 года. Аднак бываюць і рэдкія гісторыі.
Летась быў зарэгістраваны шлюб паміж нявестай студэнцкага веку (20-24 гады) і пенсіянерам. Была і адваротная сітуацыя: муж-студэнт (20-24 гады) і жонка-пенсіянерка (55-59 гадоў).
Разведзеныя неўпаналетнія
Вялікая колькасць шлюбаў рана ці позна заканчваюцца разводамі. Праз 12-13 гадоў сямейнага жыцця людзі знаходзяць сабе іншыя пары.
Здараецца, што раннія шлюбы працягваецца зусім мала часу. Летась скасавалі свой першы шлюб 15 непаўналетніх дзяўчат (да 18 гадоў).
Многія адразу ж ідуць у ЗАГС з новым партнёрам. Было зафіксавана 30 зусім маладых нявест (18-19 гадоў), якія ўжо мелі жыццёвы попыт у выглядзе няўдалага сямейнага жыцця. Такіх самых маладых жаніхоў было ўсяго трое.
Нараджаюць усё пазней
Беларусы не спяшаюцца заводзіць дзяцей. З кожным годам узрост сярэднестатыстычнай маці павялічваецца.
Першае дзіця цяпер нараджаюць у 25,7 года (праз некалькі месяцаў пасля першага шлюбу).
Для параўнання, у 1990-ыя нараджалі ў 23 гады.
Змяніўся і ўзрост уступлення ў шлюб. У 1985 годзе ён быў 22 гады для мужчын, 20 – для жанчын. За 30 гадоў ён вырас на 5 гадоў.
Пяцёра дзяцей у дваццацігадовай маці-адзіночкі
Дзяржава заахвочвае маладых беларусаў ствараць вялікія сем’і, не спыняючыся на адным дзіцяці.
Адна дзяўчына, маладзейшая за 20 гадоў, ужо мае пяцярых дзяцей! Гэтая маладая мінчанка – маці-адзіночка.
Яе выпадак – першы ў Беларусі ад пачатку стагоддзя. У такім узросце такой колькасці дзяцей яшчэ не было.
Пазашлюбныя дзеці
Агулам у Беларусі кожнае сёмае дзіця (15%) нараджаецца па-за шлюбам.
Прычым розніца паміж заходнімі і ўсходнімі абласцямі велізарная. На Брэстчыне і Гродзеншчыне доля такіх дзяцей каля 11%. Столькі ж у Мінску.
А вось на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне маці-адзіночкі сустракаюцца часцей – 18-19% ад усіх родаў.