2 жніўня шасцёра добраахвотнікаў добраўпарадкавалі занядбаныя вайсковыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны, што знаходзіцца каля Сіняй гары паміж вёскамі Падбярэзь, Мількаўшчына і Сіняя Гара на Валожыншчыне.
Ініцыятарам выступіў сябра дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Уладзімір Багданаў. Дата атрымалася сімвалічнай – крыху больш за 100 гадоў таму, 1 жніўня 1914 года, Нямеччына абвясціла вайну Расійскай імперыі, а 2 жніўня пачаліся першыя баявыя дзеянні.
– Могілкі пад Сіняй гарой адметныя помнікам, усталяваным нямецкімі войскамі яшчэ ў жніўні 1917 года. Ён зроблены з цэльнага каменю вышынёй каля 1,5 метраў, мае на пярэднім баку эпітафію і профіль жаўнера, – расказвае Уладзімір Багданаў. – Але доўгі час гэтыя пахаванні былі сумным, цяжкім месцам. Яшчэ дзесяць гадоў таму яны былі моцна раскапаныя і заваленыя дрэвамі. У апошнія гады сітуацыя пагоршылася: помнік быў павалены, а магутны каменны падмурак – вывернуты з зямлі. Па словах мясцовых жыхароў, гэта зрабілі “шукальнікі скарбаў” з дапамогай трактару. Доўгі час помнік праляжаў “тварам” да зямлі.
Удзельнікі цягам дня расчысцілі могілкі ад хмызу і паваленых дрэваў, перавярнулі помнік “тварам” дагары, закапалі раскапаныя магілы, пачысцілі і ўпарадкавалі надгробныя пліты. Іх было знойдзена 12, адна – разбітая на кавалкі. Таксама адзначылі помнік і надмагіллі вянкамі і лампадамі, апісалі і адфатаграфавалі могілкі. На вялікі жаль, так і не была знойдзеная надгробная пліта з надпісам “Невядомыя рускія салдаты”, зафіксаваная на ранейшых фотаздымках месца.
– Мы зрабілі, што маглі, каб загаіць гэтую рану зямлі, – адзначае адзін з удзельнікаў дабраўпарадкавання Барыс Шчука. – Верагодна, Сіняя гара ў даўнейшыя часы была месцам ушанавання памерлых – на гэта ўказвае эпітэт “сіняя”. Сіні колер у беларускіх тапонімах можа быць звязаны з архаічнымі ўяўленнямі пра тагасвет. Мы зрабілі так, каб гара і на сёння заставалася месцам шанавання памерлых, а не месцам іх знявагі, рабавання. Няхай большасць з тых, хто тут пахаваны, былі ў свой час ворагамі для гэтага краю. Але ж і да ворагаў, а пагатоў загінулых, варта ставіцца з павагай.”
Даведка “РГ”. У нямецкіх мапах Сіняя гара значыцца “Баварскай вышынёй”. На ёй размяшчаўся вялікі лагер нямецкіх войскаў – яна зрытая акопамі, хадамі, зямлянкамі, ёсць бетонныя ўмацаванні. Найбольш буйныя аперацыі тых часоў – Нарачская, Крэўская – месца не закранулі, але ж сітуацыя ў прыфрантавой зоне заўжды была напружаная, баявых сутыкненняў было даволі.
Могілкі да добраўпарадкавання. Фота Кастуся Міхалевіча.
Помнік і дзве надгробныя пліты ляжаць у яміне. Фота Кастуся Міхалевіча.
Уладзімір Багданаў спрабуе расчытаць эпітафію на галоўным помніку. Фота Кастуся Міхалевіча.
Фота Кастуся Міхалевіча.
Фота Кастуся Міхалевіча.
Фота Кастуся Міхалевіча.
Каля помнікаў і надмагілляў паставілі вянкі і лампады. Фота Кастуся Міхалевіча.
Фота Кастуся Міхалевіча.