Рыхтуй сані летам – гаворыць народная мудрасць. І гэтай парады прытрымліваецца амаль кожная гаспадыня. Але галоўны іх клопат – нарыхтаваць садавіну, гародніну, закансерваваць яе, каб быць спакойнымі, што зімой сям’я не застанецца галоднай.
Сям’я Святланы Рысік з вёскі Мільча Вілейскага раёна не губляе часу пасля зімы – заўсёды многа нарыхтоўваюць садавіны і гародніны, робяць закаткі.
– Гэта напэўна ў менталітэце вяскоўцаў – спарадкаваць тое, што вырасла на агародзе, – расказвае Святлана. – Раней усе ў драўляных бочках маласолілі агуркі, бачкамі наварвалі варэнні. Многае не з’ядалася – вясной агуркі ішлі ў гной, пачыналіся новыя нарыхтоўкі. Цяпер ужо навучыліся варыць столькі, колькі з’ясі. І тое шкада, калі асыпаюцца ягады ў агародзе, гніюць яблыкі, таму і парадкуем.
Закатваць дапамагае ўся сям’я
Нарыхтоўкі ў сям’і жанчыны пачынаюцца з ранняй вясны – збіраюць бярозавы сок. Разыходзіцца хутка, асабліва ў спёку. Сёлета яго нарыхтавалі 240 літраў.
Закаткі Святлане дапамагае рабіць ўся сям’я: сыны Коля і Віця збіраюць ягады, малодшы Віця закатвае слоікі, а муж Дзмітры выносіць іх у пограб, каб стаялі да зімы.
Закаткі Святлане дапамагаюць рабіць сыны Коля (злева) і Віця. Фота забяспечана Святланай Рысік.
– Гэты год, у параўнанні з мінулым, больш шчодры на ягады –парэчкі, маліны, – дзеліцца гаспадыня. – Таму зрабіла і варэння, і сіропу з маліны, і кампоту. Толькі агуркі сёлета падвялі.
Жанчына ў маласольныя агуркі раіць дадаваць крышачку гарчыцы – так яны не пакрыюцца цвіллю.
Раней жанчына закатвала па 50 трохлітровых слоікаў агуркоў. Цяпер значна менш – не разыходзіцца.
– Ды і дзе ж яно разыдзецца – у магазінах круглы год ляжаць і агуркі, і памідоры, разнастайная садавіна, – расказвае Святлана. – Сваё добра, але хочацца і свежага. Хаця зімой смак не той.
Калі ў сям’ю Рысікаў прыязджаюць госці, іх частуюць закаткамі, даюць з сабой. “Ніхто без дамашняга падарунка не з’язджаў”, – смяецца жанчына.
Зімой закатваюць тушонку
Жанчына гадуе бройлераў і свіней. Таму зімой робяць тушонку, складаюць у слоікі сала.
– Я вельмі кухонны чалавек, – прызнаецца Святлана. – Вельмі люблю гатаваць, знаходзіць новыя рэцэпты. Таму выпісваю многа кулінарных газет, часопіў, знаходжу рэцэпты ў інтэрнэце. У мяне ёсць некалькі любімых рэцэптаў кансервавання, але кожны год спрабую нешта новае. Заўсёды дзялюся з іншымі гаспадынямі.
Рэцэпт паштэта ад Святланы Рысік
3 кг сала,2 кг фарша,1,5 кг печані. Усё трэба перакруціць на дробную мясарубку, пасля дадаць 20 яек, 10 цыбулін сярэдняга памеру, 100 грамаў солі, перац па смаку. Усё добра перамяшаць, паставіць на дзве гадзіны ў духоўку, пасля раскласці па банках.
Доктар: вітамінаў у закатках мала
– Пасля таго, як садавіну і гародніну абдаюць кіпнем, у іх застаецца вельмі мала вітамінаў, – адзначае намесніца галоўнага доктара Валожынскай раённай бальніцы Марыя Магільніцкая. – У садавіне, з якой зрабілі варэнне, няма вітаміна С, ён знікае падчас варкі.
Спецыяліст не рэкамендуе есці многа закатак людзям з хваробамі страўніка, ішэмічнай хваробай сэрца, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, непажадана даваць іх дзецям.
– Калі робяць закаткі з гародніны, то дадаюць у іх соль і воцат, – расказвае доктар. – Соль затрымлівае вадкасць, а гэта шкодна для людзей з захворваннямі сэрца.
Марыя Магільніцкая раіць есці закаткі ў меру, тады яны не прынясуць вялікай шкоды для арганізму.
Экспрэс-апытанне: ці робіце вы на зіму закаткі?