Пакуль саліст “J:Морса” разважаў пра лёс беларускіх рок-фестываляў, саліст гурта “Трубяцкой” кідаў у натоўп піва, каб фестываль “Дружба” перастаў быць “тухлым”.
1 і 2 жніўня ў Станькаве прайшоў другі фестываль “Дружба”.
Адкрываў фестываль гурт “J:Морс”:
– Мы рады выступаць на гэтым фестывалі, таму што ў яго назве няма прыназоўніка ні за, ні супраць, – сказаў Уладзімір перад выступленнем.
Пасля выступу напрошвалася лагічнае пытанне да Уладзіміра Пугача, ці не цяжка жыць, калі ідзеш уласным шляхам?
– Калі я прыйшоў у гэты свет, ніхто і не казаў, што будзе лёгка. Аднак я супраць таннага выкарыстання сваёй папулярнасці. Ёсць сітуацыі, калі можна лёгка набраць ачкі. Памахаць сцягам, падтрымаць сумнеўную ініцыятыву, нейкі рух, пра які забудуцца праз год ці два. А трэба думаць сэрцам і мазгамі.
Калі паміж вушамі мазгі, а не сцяжок, тады і жывецца добра.
– Вас усё часцей можна сустрэць у нязвыклай абстаноўцы: то вы канцэрт ў аблоках ладзіце, то ў дабрачынным праекце “Чалавек чытае” удзельнічаеце. Вам стала цесна на сцэне?
– А вы ніколі не бачылі электраманцёра ў тэатры? Гэта натуральна, калі чалавек адной прафесіі цікавіцца нечым яшчэ. Што будзе далей, не ведаю. Цяпер усе думкі пра новы альбом, першы за апошнія пяць гадоў.
– Калі вас чакаць з канцэртамі ў нашым рэгіёне?
– Як раз восенню, калі будзем ладзіць тур у падтрымку новага альбома.
Уладзімір расказаў, што гэты альбом будзе цалкам рускамоўны, а ўслед за ім ён рыхтуе цалкам беларускамоўны альбом палескіх песень. Песень, якія Уладзімір чуў у дзяцінстве ад бабулі, калі рос у паўднёвым Палессі.
– Некалькі год таму ў Маладзечне вы былі ўдзельнікам рок-канцэрта ў межах фестываля беларускай песні і паэзіі. У чым прычына таго, што такія рок-канцэрты не прыжыліся, не сталі традыцыйнымі? І чаму ў Беларусі наогул так мала рок-фестываляў?
– Філасофскае пытанне. Я лічу, што на 10 мільёнаў насельніцтва такіх фестываляў магло быць больш. Таму, калі нас запрасілі на “Дружбу”, мы пагадзіліся адразу. А з Маладзечнам усё проста, больш запрашэнняў не было.
Акрамя “J:Морса”, на фестывалі выступілі гурты “Крама”, “Nizkiz”, “Серебряная свадьба”.
Радыкальна падышлі да падняцця настрою ўсіх прысутных музыканты гурта “Трубяцкой”, якія пасля выхаду на сцэну заявілі, што на фестывалі сумна і запусцілі ў натоўп дзве банкі піва.
“Трубяцкой” выканалі не толькі свае песні, але і ўсім даўно знаёмыя “Ты кінула”, “Яблыні”, “Маніфест” і іншыя. Дарэчы, “Трубяцкой” адзіны гурт, каго гледачы выклікалі на біс.
Павел Булатнікаў, фронтмэн гурта, прызнаўся, што для яго гэта нечакана, але вельмі прыемна.
Фестываль фармату “слухай сваё” сабраў некалькі тысяч чалавек. І гэта прыемна.
Адзін з арганізатараў фестываля, Віталь Супрановіч, расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што за два дні фестываль наведала некалькі тысяч людзей.
– Асабліва прыемна, што нягледзячы на тое, што у нас лайн ап (спіс выступоўцаў) быў цалкам айчынны, прыехала столькі чалавек.
Адносна месца пакуль цяжка сказаць, мы яшчэ будзем усё аналізаваць. Магчыма, вернемся ў Шаблі, дзе праходзіў фестываль 2014 года, магчыма, працягнем у Станькаве, а можа ў нас з’явяцца і новыя пляцоўкі.
Мінулагодні фэст па складзе быў больш цікавы для публікі, але я асабіста вельмі рады, што сёлетні фэст атрымаўся у нас, так бы мовіць, “слухай сваё” і гэта не адбілася моцна на наведвальнасці.
А каму было мала выступу гурта “Крама”, то гэта можна будзе выправіць 30 жніўня, калі Ігар Варашкевіч, саліст гурта, будзе канцэртам адзначаць сваё 55-годдзе.