Людзі з абмежаванымі магчымасцямі змагаюцца за кожную новую магчымасць стварэння асяродка для больш камфортнага жыцця, але знаходзяцца тыя, хто карыстаецца іх ільготамі.

– “Дай мне свае ногі і стаў сваю машыну на маё месца!” – так і кажу тым кіроўцам, што ставяць машыны на месцы для інвалідаў, а самі здаровыя, – абураецца старшыня Маладзечанскай суполкі таварыства інвалідаў Васіль Таркан.

МАЛАДЗЕЧНА
Паводле яго словаў, у Маладзечне павялічваецца колькасць парковачных месцаў адмыслова для інвалідаў. Яны размешчаныя каля некалькіх гандлёвых цэнтраў, нядаўна знак паставілі непадалёк ад таварыства інвалідаў па вуліцы Ясінскага. Васіля Таркана радуе такая тэндэнцыя, але, на яго думку, такіх месцаў для Маладзечна яшчэ вельмі мала.

Прыкрасці сітуацыі дадае тое, што на месцы для інвалідаў пастаянна ставяць машыны кіроўцы без асаблівасцяў здароўя.

– І ў гаражы падпіраюць, і каля таварыства ставяць, – распавядае старшыня маладзечанскай суполкі. – Кажу, што зараз выклікаю ДАІ.

СМАРГОНЬ
Старшыня смаргонскай суполкі таварыства інвалідаў Мікалай Новік паведаміў, што месцы для інвалідаў ёсць у цэнтры горада.

Але, на яго думку, такія месцы вельмі патрэбныя каля раённай бальніцы і паліклінікі: “Пад’ехаць да іх немагчыма, кіроўцы мусяць кідаць машыны на дарозе”.

ВАЛОЖЫН
У Валожыне месцаў для інвалідаў на стаянках няма, паведамляе старшыня валожынскай суполкі Віктар Субач:

– Я жыву ў Івянцы, часам прыяздаю ў Валожын. Месцаў для інвалідаў ніколі не бачыў ні там, ні там. Вось у Мінску ёсць. Яны ж вельмі патрэбныя, хаця б на цэнтральнай плошчы.  Нават у райвыканкам калясачнік не можа заехаць, як і трапіць у крамы. Што ўжо пра большае казаць.

АСТРАВЕЦ
Удзельнікі Астравецкай суполкі таварыства інвалідаў плануюць у жніўні праверыць якасць безбар’ернага асяродак.

Паводле словаў старшыні суполкі Юрыя Ждановіча, месцы для інвалідаў ёсць, але хацелася б больш. Здараецца, што на іх ставяць машыны кіроўцы без інваліднасці.

АШМЯНЫ
Падобная сітуацыя і ў Ашмянах, паведамляе старшыня Ашмянскай суполкі Людміла Барабанава.

– У нас не вельмі шмат кіроўцаў. Месцы ёсць у цэнтры Ашмянаў, чула, што там штрафуюць.

Карэспандэнт “РГ” не змагла атрымаць адказ ад старшыняў Мядзельскай і Вілейскай суполак таварыстваў, каб прааналізаваць сітуацыю з паркоўкай для інвалідаў у гэтых раёнах.

У Маладзечне каля буйной крамы. Фота forum.onliner.by.

У Маладзечне каля буйной крамы. Фота forum.onliner.by.

Чаму небяспечна казаць “Дык нікога ж няма”

Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі:

– Не сустракаў у Беларусі рэгіёна, дзе адносіны да парковачных месцаў для машын людзей з інваліднасцю асабліва добрыя. Паўсюль  прыкладна аднолькавыя – абыякавыя. Адмыслова пад’язджаю да кіроўцаў, якія займаюць такія месцы. Пытаюся: “Чаму стаў на гэта месца?”. У адказ:  “Дык нікога ж няма”. Але ж ты заняў гэта месца,  чалавек паглядзіць і сюды больш не прыедзе. Такія месцы павінны стварацца каля ўваходаў у будынкі, таму што гэта найзручней для паркоўкі.

Калі ўласнік і забудоўшчык правільна арганізоўвае іх, такое месца будзе занята ў першую чаргу. Але, на жаль, не заўсёды гэтыя месцы належным чынам абазначаныя. Стаіць знак, які незразумела ў які бок указвае, і аўтамабілісты на яго не глядзяць. Належнай разметкі на асфальце, як правіла, няма. Хаця і разметка на асфальце рэдка спыняе.

Стаянка пустая, акрамя месцаў для інвалідаў

Намеснік начальніка аддзела аховы Мінскай вобласці таварыства “Еўрагандль” Вадзім Грынь распавядае, што праблема месцаў для інвалідаў асабліва актуальная каля крамы “Е-сіці” ў Маладзечне:

– Месцы для інвалідаў занятыя заўсёды. Раніцай, у гадзін 9-10, калі крама яшчэ толькі адчыняецца, там ужо машыны. Вы думаеце, астатняя стаянка загружаная? Ніводнай машыны! А вось на месцах для інвалідаў заўсёды поўна. Не магу сцвярджаць, што там заўсёды парушальнікі. Але як толькі прыязджае ДАІ, то адразу ёсць на каго складаць пратаколы. Інспектары правяраюць нашу стаянку некалькі разоў на тыдзень, асабліва шмат работы для іх у выхадныя.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Хто можа ставіць машыну на месцы для інвалідаў

Сітуацыю каментуе дзяржаўтаінспектар маладзечанскага райаддзела міліцыі Сяргей Бартош.

На спецыяльныя парковачныя месцы для інвалідаў могуць ставіць машыны кіроўцы, якія маюць абодва пасведчанні: кіроўцы і аб інваліднасці. Гэтае месца не могуць займаць кіроўцы, калі чалавек з інваліднасцю ў машыне толькі пасажыр.

Паводле словаў інспектара ДАІ, у Маладзечне праблема з паркоўкай на месцах для інвалідаў найчасцей узнікае каля крамы “Е-сіці”.

Сяргей Бартош адзначае, што паркоўка не па правілах цягне штрафы. Дзве базавыя велічыні – пакаранне для кіроўцаў, якія незаконна паставілі машыну на месца для інвалідаў. Міліцыянер заклікае грамадзян, якія бачаць, што хтосьці няправільна прыпаркаваў машыну, званіць на нумар 102. Гэта тычыцца не толькі месцаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і парковак на зялёных зонах і іншых парушэнняў правілаў дарожнага руху.

Экспрэс-апытанне: чаму для інвалідаў-кіроўцаў выдзяляюць асобныя месцы?

Парады ад псіхолага Алены Камісарук: інвалідам дзіця робіць шкадаванне

Куды звяртацца інвалідам па дапамогу

Некаторым здаровым трэба навучыцца чалавечнасці

Мама інваліда: “Не да канца разумела, наколькі мне важны сын”

Я стала невідушчай… на гадзіну (+відэа)

Як “РГ” правяла свята ў школе-інтэрнаце: пра што мараць выхаванцы і што гавораць пра сябе