Сёмы штогадовы карпаратыўны спартыўна-культурніцкі фестываль “БАЖынкі” сёлета прымаў горад Глыбокае.

Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” дэлегавала на фэст чатырох сваіх карэспандэнтаў: Зою Хруцкую, Настассю Роўду, Аляксандру Парахню і Наталлю Тур.

Глыбокае сустрэла нас спёкай і вішнямі, якімі частавала ўсіх удзельнікаў БАЖынак гаспадыня фэсту журналістка з Глыбокага Таццяна Смоткіна.

Ад 2013 года горад лічацца беларускай сталіцай вішняў, таму што на дзесяць жыхароў горада тут расце восем вішнёвых дрэў. А яшчэ ў Глыбокім ёсць помнік вішні.

Зміцер Саўка частуе глыбоцкімі вішнямі. Фота Настассі Роўды.

Зміцер Саўка частуе глыбоцкімі вішнямі. Фота Настассі Роўды.

Адкуль мы гэта ведаем? А вось адкуль. Адным з заданняў сёлетніх БАЖынак было напісанне артыкулаў у беларускую Вікіпедыю. І маладзечанскай камандзе па жараб’ёўцы дасталася тэма як раз пра “Вішнёвы фэст”, які тры гады запар ладзіцца ў Глыбокім.

Аднак да таго, як распачаць працу, гаспадары БАЖынак зладзілі экскурсію па сваім горадзе.

Уладзімір Скрабатун. Фота Настассі Роўды

Уладзімір Скрабатун. Фота Настассі Роўды

Нам, маладзечанцам, было прыемна і нечакана ўбачыць  у скверы выбітных асобаў Глыбоччыны бюсты і нашых Язэпа Драздовіча і Ігната Буйніцкага. Аказваецца, яны лёсам звязаныя з гэтымі мясцінамі. Язэп Драздовіч працаваў тут настаўнікам, як і ў Радашкавічах. А Ігнат Буйніцкі, будучы гаспадаром фальварака Палевачы непадалёк ад Глыбокага, тут і заснаваў свой тэатр. У Маладзечне ён правёў свае апошнія дні.

Для аматараў містычных гісторый Юры Каўбасіч, настаўнік з Глыбокага, зладзіў экскурсію ў сутарэнні царквы Раства Прасвятой Багародзіцы (раней – касцёл ордэна кармелітаў).

Па словах Юрыя Каўбасіча, той, хто прыходзіць сюды адзін, абавязкова сустрэнецца з прывідамі, якія “жывуць” тут сваім жыццём. Але нашай кампаніі так і не пашчасціла.

Юры Каўбасіч - цудоўны экскурсавод. Фота Настассі Роўды.

Юры Каўбасіч – цудоўны экскурсавод. Фота Настассі Роўды.

Затое са званіцы царквы пашчасціла ўбачыць Глыбокае як на далоні. Але для гэтага давялося падняцца на вышыню24 метрыпа лесвіцы без парэнчаў. І гэта было таго варта!

Глыбокае з вышыні 190 метраў над узроўнем мора. Фота Настассі Роўды

Глыбокае з вышыні 190 метраў над узроўнем мора. Фота Настассі Роўды

“Піражок з вішнямі” з’есці нельга, захапляцца – калі ласка

Назва нашай каманды “Піражок з вішнямі” нарадзілася адразу пасля таго, як мы даведаліся, што капітанам стаў сябра праўлення БАЖ Алег Агееў.

Камандай мы стваралі артыкулы ў Вікіпедыю, камандай змагаліся ў дартсе і валейболе, камандай заўзелі за Зою Хруцкую, якая ўпершыню ўзяла вуду ў рукі, каб паўдзельнічаць у конкурсе рыбнай лоўлі. Потым камандай ездзілі на возера, дзе пужалі мясцовых адпачываючых нашай рэпетыцыяй прэзентацыі каманды, камандай падпявалі госцю БАЖынак Зміцеру Вайцюшкевічу і камандай зламалі арэлі на аграсядзібе ў вёсцы Валодзькі, што непадалёк ад Глыбокага.

Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча пад адкрытым небам. Фота Барыса Гарэцкага.

Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча пад адкрытым небам. Фота Барыса Гарэцкага.

Вынікам нашай каманднай працы стала другое месца ў конкурсе прэзентацый каманд, другое месца ў конкурсе Вікіпедыі, другое месца ў спартовых спаборніцтвах. Атрымаўшы ў падарунак яшчэ адну славутасць Глыбокага – згушчонку, мы, змахнуўшы слязу, вымушаныя былі развітацца з БАЖынкамі-2015. І пачаць рыхтавацца да БАЖынак-2016, дзе маладзечанскі дрымцім (з англійскай – каманда мары) абавязкова стане першым.

Каманда мары. Фота Настассі Роўды

Каманда мары. Фота Настассі Роўды

Мы дзякуем арганізатарам і калегам за цудоўна праведзеныя выхадныя і чакаем хуткай сустрэчы на БАЖынках-2016.

Даведка:

БАЖ – беларуская асацыяцыя журналістаў.