Палова на шостую раніцы. На вуліцы амаль не ездзяць машыны, гаспадары яшчэ не выгульваюць сабак, спяць дваровыя каты. І толькі сонныя гараджане паціху сцякаюцца да будынка паліклінікі па Скарыны.

Усім трэба ўзяць запаветны талончык. Учора я спрабавала атрымаць талон днём, але ў паліклініцы сказалі, што па талон варта прыходзіць да таго, як пачынае працу рэгістратура. Гэта значыць, да сямі раніцы.

Адпаведна, наступная мая раніца па гадзінах была такой:

04.40. спрацоўвае будзільнік
05.00. выхожду з кватэры
05.21. займаю чаргу. Я дзявятая.
05.30. дачакалася наступнага чалавека, іду дамоў карміць ката і піць каву.
06.30. вяртаюся ў паліклініку. У чарзе каля 60 чалавек.
07.00. пачынае працаваць рэгістратура.
07.15. бяру талон. Тут жа работніца рэгістратуры паведамляе, што талонаў да афтальмолага больш няма.

Паціху  фае паліклінікі запаўняецца народам. І няпраўда, што ў чарзе адныя бабулькі!

Пад фікус садзіцца мужчына:

– Во як, раней пад фікусам у рэстаране сядзеў, цяпер у паліклініцы.

За паўгадзіны да адкрыцця акенца рэгістратуры па калідоры шоргаюць нагамі дзве прыбіральшчыцы:

– Нешта народу сёння мала…

 У чарзе ўжо стаіць каля 60 чалавек!

Акурат у 7 гадзін раніцы пачалася “раздача сланоў”.

Атрымаўшы талон, чую дыялог дзяўчыны і работніцы рэгістратуры:

– Як няма талонаў? Я заняла чаргу ў шэсць раніцы? У колькі тады прыходзіць?

– Прыходзьце заўтра. Вам да якога доктара?

– Афтальмолага. Ну дайце хоць дадатковы талон!

– Дадатковы толькі па вострай болі!

– Ну а мне што рабіць? Вока сабе выбіць, каб доктар прыняў?!

– А што калі адмяніць талоны?

На пытанне адказвае загадчыца паліклінікі № 1 Святлана Дубаневіч:

– А вы прапануеце дактарам прымаць людзей па “жывой” чарзе? На стаўку доктар абавязаны за змену прыняць 40 пацыентаў, я б не хацела аказацца 41. Талон хаця б дае гарантыю, што доктар вас прыме.

А тое, што людзі прыходзяць ад ранку займаць чэргі, Святлана Дубаневіч тлумачыць так:

– Гэтую сітуацыю мы не вырашым, пакуль штат у паліклініцы будзе недакамплектаваны. Узяць хаця б тых жа афтальмолагаў. У паліклініцы павінны быць амаль чатыры стаўкі доктара-афтальмолага. Цяпер жа працуе толькі  адзін доктар на адну стаўку. І прымае яна да 70 чалавек на дзень. Неўролага ж у нас пакуль няма наўгул.

Але на момант падрыхтоўкі матэрыялу ў друк нам паведамілі, што неўролаг у паліклініцы ўжо з’явіўся. Прыйшла маладая доктарка па размеркаванні.

– Але каб трапіць на прыём, – працягвае Святлана Дубаневіч, –  зусім неабавязкова прыходзіць з самага ранку.

Калі наведванне доктара не тэрміновае, то на прыём можна запісацца загадзя. Больш за тое, на сайце talon.by можна замовіць талон да любога спецыяліста.

– Бывае, што талон замовяць, а на прыём не прыходзяць, – кажа Святлана Дубаневіч.

У паліклініцы вядзецца спецыяльная кніга ўліку незапатрабаваных талонаў.

У чэрвені, напрыклад, 231 чалавек, што замовілі талон праз інтэрнэт, не дайшлі да доктара. У той жа месяц на прыём не прыйшлі 591 чалавек з тых, хто замовіў талон па тэлефоне або заказаў папярэдне.

Святлана Дубаневіч уздыхае:

– Няма ў нас яшчэ дастатковага ўзроўню культуры. Хіба цяжка папярэдзіць, што не прыйдзеце? Кожны месяц прыкладна 800 чалавек не могуць трапіць на прыём да доктара, таму што некаторыя прыходзяць і набіраюць адразу па 5-10 талонаў, і сабе, і ўсім сваім суседзям і сваякам.

З размовы з загадчыцай паліклінікі стала зразумела, што ў бліжэйшы час сітуацыя з талонамі наўрад ці зменіцца.

І зноў давядзецца ўставаць з самай раніцы , і зноў спадзявацца на фартуну ў спробах вычапіць талончык праз інтэрнэт, і зноў пра сябе лаяць тых, хто прыходзіць па талоны ад няма чаго рабіць.

А што, калі паспрабаваць паважаць адзін аднаго, і незапатрабаваны талон вяртаць у паліклініку, каб той дзяўчыне з чаргі не даводзілася выбіваць сабе вока, каб трапіць на прыём да афтальмолага?

Як замовіць талон да афтальмолага ў райцэнтрах?

На гадзінніку поўдзень. Праверым, ці можна ў гэты час замовіць талончык. Мы вырашылі ва ўсіх паліклініках прасіць талончык да аднаго доктара – афтальмолага.

ВАЛОЖЫН

Тэлефон рэгістратуры: (8-01772) 55-7-33. Працуе па панядзелках – пятніцах 07:45 – 20:00, па суботах 08:00 – 14:00.

Талон да доктара-афтальмолага браць загадзя не трэба. Прыём пачынаецца ў 16:00 і работніца рэгістратуры прапанавала прыйсці ў гэты час.

МЯДЗЕЛ

Тэлефон рэгістратуры: (8-01797) 59-3-89. Працуе па панядзелках – пятніцы 07:00 – 20:00, па суботах 08:00 – 15:00.

Доктар-афтальмолаг у адпачынку, а медсястра, як адказалі ў рэгістратуры, цяпер у ваенкамаце. І бліжэйшыя два тыдні функцыі доктара па вачах будзе выконваць хірург. Пры гэтым, у рэгістратуры параілі звярнуцца ў Вілейку.

ВІЛЕЙКА

Тэлефон рэгістратуры: (8-01771) 5-40-82. Працуе па панядзелках – пятніцах 07:00 – 20:00, па суботах 08:00 – 15:00.

У Вілейцы аказалася, што талон можна ўзяць загадзя. Хочаш на пятніцу, хочаш на панядзелак. Работніца рэгістратуры пацікавілася, на які час вам будзе больш зручна. На пытанні пра прозвішча давялося пакласці трубку, за што прашу прабачэння ў ветлівай дзяўчыны з рэгістратуры.

СМАРГОНЬ

Тэлефон рэгістратуры: (8-01592) 4-67-82. Працуе па панядзелках – пятніцах 07:00 – 20:00, па суботах 08:00 – 15:00.

У Смаргоні замовіць талон можна папярэдне. Як і ў Вілейцы, спыталіся зручны час.

– Калі ў вас нешта тэрміновае, – адказалі ў рэгістратуры, – паспрабуйце прыйсці па жывой чарзе. Доктар прымае да 13 гадзін.

АСТРАВЕЦ

Тэлефон рэгістратуры: (8-015) 91-2-22-48. Працуе па панядзелках – пятніцах 07:00 – 20:00, па суботах 08:00 – 15:00.

Да астравецкага афтальмолага талон можна ўзяць за тыдзень да прыёма. Праўда, раней талонаў ужо няма.

АШМЯНЫ

Тэлефон рэгістратуры: (8-015) 93-4-43-26. Працуе па панядзелках – пятніцах 07:00 – 20:00, па суботах 08:00 – 15:00.

Бліжэйшы талон да афтальмолага прапанавалі на чацвер, 13 жніўня на 10:15. Але важна, што яго можна замовіць загадзя.