У Беларусі навучыцца кіраваць машынай людзі ў калясках могуць толькі ў лічаных аўташколах. У тым ліку, у Вілейскім дзяржаўным каледжы. 


– Мне вядомыя дзве такія аўташколы – у Вілейцы і Мінску, – кажа каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю з Мінска Сяргей Драздоўскі. – Але, магчыма, дзесьці  яшчэ яны ёсць. Аднак, як правіла, там адзінкавыя выпадкі навучання. Сістэматычна вучаць толькі ў Вілейцы і Мінску. 

Вучаць індывідуальна

Навучаюць у каледжы людзей з інваліднасцю больш за пяць год, расказаў загадчык аддзялення Мікалай Кішын:

– Маем адпаведны дазвол, два аўтамабілі “Ака” з ручным кіраваннем.

Людзей з інваліднасцю апошнім часам стала вучыцца менш. Летась – толькі два чалавекі.

– Раней, як  дзяржава давала датацыі, то навучалі па цэлай групе. Было ў нас і тры машыны, – прыгадвае Мікалай. – А цяпер толькі індывідуальна звяртаюцца – таму аплата вышэйшая, чым у групе. Усё-ткі грошы немалыя: цяпер кошт навучання для людзей з інваліднасцю складае каля пяці мільёнаў рублёў. Каб больш было ахвотных, то маглі б групу набраць, было б танней навучанне.

Едуць вучыцца у Вілейку людзі з розных гарадоў. Ім выдзяляюць інтэрнат. У ім і ў навучальным корпусе зробленыя пандусы. Але, вядома, цяжка на тры месяцы кінуць дом і сям’ю і зехаць на вучобу ў Вілейку. Таму, бывае, тэарэтычную частку вывучаюць у сваім горадзе, а ў каледж прыязджаюць вучыцца ваджэнню.

Сяргей вучыўся ў аўташколе ў Мінску. Але паміж яго знаёмых ёсць некалькі чалавек, якія вучыліся кіраваць машынай у Вілейцы:

– Якасць  навучання тут добрая. Адзінае, што ўмовы для пражывання спартанскія. 

Колькасць інвалідаў-калясачнікаў у аўташколах зменшылася на парадак

Сяргей Драздоўскі дакладна ведае, чаму за апошнія гады так зменшылася колькасць людзей з інваліднасцю ў аўташколах.

– Прычына вельмі простая. У 2007 годзе адмянілі абавязкі дзяржавы ў забяспячэнні аўтамашынамі з ручным кіраваннем людзей, якія маюць у гэтым  патрэбу. Тады выдавалі “Таўрыі” ці  можна замест яе можна было набыць былы ў карыстанні аўтамабіль і пераабсталяваць яго. Гэта была як сістэма. Калі чалавек атрымліваў права на атрыманне такога аўтамабіля, то ён аўтаматычна меў права на бясплатнае навучанне. Потым аплата курсаў праходзіла выключна сыходзячы з індывідуальнага прызначэння МРЭК. А цяпер ўсе за свой кошт. Прытым, сістэма забеспячэння аўтамашынамі з ручным кіраваннем людзей захавалася ў суседніх краінах.

— І наколькі зменшылася інвалідаў-калясачнікаў у аўташколах?

 – Гэта не проста ў разы, а  на парадак зменшылася.  Калі раней вучыліся дзясяткі людзей, то зараз – адзінкі. А каб чалавек у калясцы якімсьці чынам мог быць у жыцці самастойным і самадастатковым, неабходны аўтамабіль – гэта магу сцвярджаць на сваім прыкладзе.

Атрымліваецца замкнутае кола, даводзіць Сяргей:

– Як я магу аплаціць  курсы і зарабіць сабе на жыццё, калі я не самадастатковы і залежу ад пенсіі. А з пенсіі адкласці грошы для праходжання курсаў і набыцця машына немагчыма.

 Ці ставяць кіроўцы без асаблівасцяў машыны на месцы для інвалідаў, калі ўся стаянка пустая (Рэгіён)