Ноччу з 12 на 13 жніўня можна назіраць метэорны паток Персеіды. Паведамілі БелТа ў Мінскім планетарыі. 

Метэорны паток з’явіцца пасля апаўночы, калі сузор’е падымецца высока над гарызонтам. Чакаецца, што “зорны дождж” дасягне найбольшай актыўнасці бліжэй да раніцы.

Хаця лавіць метэоры і загадваць жаданні ў гэтыя дні можна, як толькі пачынае цямнець і да світання.

Персеіды – метэорны паток, які бачны з Зямлі кожны жнівень з боку сузор’я Персея. Сёлета актыўнасць патоку чакаецца вышэйшая, чым звычайна – за адну гадзіну можна назіраць да 100 метэораў. У гэты час будзе маладзік, а значыць Месяц не будзе “засвечваць” неба і перашкаджаць назіранням.

Па дадзеных Міжнароднай метэорнай арганізацыі, у апошні раз такой актыўнасці персеіды дасягалі ў 2004 годзе.

Зорапад лепш за ўсё назіраць няўзброеным вокам за горадам удалечыні ад святла ліхтароў на мясцовасці з адкрытым гарызонтам. Каб убачыць такую з’яву, надвор’е павінна быць бязвоблачным.