Імя смаргонца Жэні ўжо з’яўлялася на старонках нашай газеты ў 2013 годзе. 

Тады і Смаргонь, і Маладзечна, і іншыя гарады рэгіёна шукалі 11-гадовага хлопчыка, які пайшоў з дому.

Хлопчыка знайшлі ў Маладзечне. Каардынатар пошукаў Цімафей Дуброўскі спецыяльна для Жэні зладзіў экскурсію ў пажарную часць. Хлопчык абяцаў выправіцца, з дому больш не збягаць і стаць пажарным.

Аднак некалькі тыдняў таму ў горадзе з’явіліся новыя арыенціроў­кі: “Знік 13-гадовы хлопчык”.

Пра гэта напісала “Рэгіянальная газета”, размясціўшы арыенціроўку на старонках сваіх сацыяльных сетак.

У той жа дзень пад запісам з’явіўся адзіны каментар ад падпісчыка: “Я бачыў яго”.

Каардынатар пошукаў Цімафей Дуброўскі учапіўся за гэту інфармацыю, падрабязна распытаў пра месца, дзе бачылі Яўгена:

– Паехалі туды, павесілі паўсюль арыен­ці­роў­кі. Але літаральна праз дзве гадзіны ўсе арыенціроўкі былі сарваныя. Ну, каму гэта трэба, акрамя таго, каго шукаюць? Праз некаторы час супрацоўнікі міліцыі затрымалі вучня 8 класа Смаргонскай школы.

Хлопчыка вярнулі ў сям’ю

– Гэты выпадак рэальна паказаў, што арыенціроўкі рэальна дапамагаюць, – кажа Цімафей Дуброўскі. – Інфармацыя, магчыма, нават больш важная, чым тое, што група людзей будзе бегаць і шукаць кагосьці па горадзе. Таму я хачу звярнуцца да ўсіх лю­дзей. Не праходзьце міма арыенціровак! Магчыма, ваш адзіны званок выратуе чалавека і дапаможа ў пошуках.

А пра далейшы лёс хлопчыка мы спыталіся ў  камісіі па справах непаўналетніх Смаргонскага райвыканкама.

Там адказалі, што з Яўгенам працуюць даўно. У чэрвені нават звярталіся ў суд Смаргонскага раёна, каб яго накіраваць у лячэбна-выпраўленчую ўстанову закрытага тыпу. Суд тую заяву адхіліў.

– Мы не можам самі вырашаць лёс чалавека, бо ні бацькі, ні школа, ні РАУС з хадайніцтвам да нас не звярталіся, – адказалі ў камісіі.