Падчас рэалізацыі дзяржпраграмы “Замкі Беларусі” ўзніклі фінансавыя пытанні. Пра гэта на прэс-канферэнцыі расказаў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, адказваючы на пытанне tut.by.

– Ёсць шэраг пытанняў па выкананню дзяржпраграмы, ёсць пытанні ў фінансаванні. Аднак выкананне асобных мерапрыемстваў па праграме, магчыма будзе перасунуць па тэрмінах. Хаця на дадзеным этапе я б не стаў гэтага сцвярджаць. Падвядзём вынікі, збяром матэрыялы і на калегіі міністэрства прымем рашэнне, – адзначыў намеснік міністра культуры.

 У верасні ў Міністэрстве культуры пройдзе калегія, дзе разгледзяць вынікі праведзенай работы ў рамках дзяржпраграмы.

Па словах Аляксандра Яцко, дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі” прадугледжвае выкарыстанне разнастайных крыніц фінансавання. Работы павінны былі весці ў тым ліку за кошт мясцовых бюджэтаў.

– Ёсць пытанні з выдзяленнем сродкаў мясцовымі выканаўчымі ўладамі хаця б у роўных долях з рэспубліканскім бюджэтам, як гэта прадугледжана ў Бюджэтным кодэксе, – заўважае Аляксандр Яцко. – … У цэлым, калі ацэньваць пытанне пра фінансаванне альбо недафінансаванне праграмы, то пакуль аб выніках года гаварыць рана. Бюджэты карэктуюцца на працягу года, і нейкія змяненні датычацца і павелічэння, і змяншэння аб’ёмаў фінансавання.

Якой канкрэтна сумы не хапае, субяседнік не назваў. Паводле яго слоў, яна будзе недакладнай, бо сітуацыя залежыць ад разнастайных абставінаў фінансавання.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі патлумачыў, што пры фарміраванні дзяржпраграмы прадугледжвалася, што мерапрыемствы ў яе рамках будуць праходзіць “крыху інакш”. Але пасля комплексных даследванняў аб’ектаў, з’яўляюцца нюансы.

Напрыклад, толькі на кансервацыю былой княскай вежы Крэўскага замка трэба патраціць “значную суму”. Таму на сродкі, выдзеленыя сёлета рэспубліканскім бюджэтам, завершаць праектную дакументацыю. Большасць жа прац ў рамках першай чаргі будуць закладаць на бюджэт наступнага года.

У студзені 2011 года Савет міністраў зацвердзіў праграму “Замкі Беларусі”. Яна скончыцца ў 2018 годзе. Да гэтага часу добраўпарадкуюць і адновяць 38 замкаў, палацаў і замчышчаў.

Гальшанскі замак ў Ашмянскім раёне. Фота hdr.by.

Гальшанскі замак ў Ашмянскім раёне. Фота hdr.by.

Сёлета правядуць работы на 22 аб’ектах. З іх на дзевяці помніках архітэктуры, 13 – археалагічных аб’ектах. Працягнецца фінансаванне на Крэўскім, Лідскім, Навагрудскім замках, а таксама замках у Быхаве і Гальшанах, у палацавым комплексе ў Ружанах, замкавым комплексе ў Міры, палацава-паркавым ансамбле ў Нясвіжы.

Першапачаткова паведамлялі, што на праграму выдзелілі больш за 131 мільярд рублёў. Акрамя гэтых грошаў планавалі прывабіць сродкі трох дзяржаўных праграм: інвестыцыйнай, “Культура Беларусі”, сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага абслугоўвання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Падчас аднаўлення аб’ектаў імпартныя матэрыялы збіраліся выкарыстоўваць мінімальна.